Паўфінал Еўрабачання: каб гледачы не выбралі каго, і не было потым сорамна

Паўфінал Еўрабачання: каб гледачы не выбралі каго, і не было потым сорамна

У фінал нацыянальнага адбору на “Еўрабачанне-2016” праходзяць толькі дзесяць выканаўцаў замест пятнаццаці, дазволеных рэгламентам конкурсу. Чаму журы так і не здолела выбраць 15 вартых прадстаўніцтва краіны на міжнародным конкурсе, адразу пытаемся у старшыні журы Аляксандра Ціхановіча.

“У прынцыпе, пятнаццаць прэтэндэнтаў на фінал было, — відавочна не чакае пытання Аляксандр Ціхановіч. — Але недзе выкананне не вельмі, недзе… ну, былі нейкія агрэхі, таму вырашылі зрабіць дзесяць. Мы вырашылі так, што праходзяць без размоваў выканаўцы, якія з прафесійнага пункту гледжання, найперш, натуральна, вартыя гэтага. Тэлегледачам будзе дастаткова і маленькага выбару. Каб раптам яны не выбралі каго-небудзь, і не было потым сорамна”.

Запомнім гэты выраз мэтра “каб раптам яны (гледачы) не выбралі каго-небудзь і не было потым сорамна”. Справа ў тым, што сёлета ў фінале выбіраць прадстаўніка Беларусі на Еўрабачанне будуць выключна гледачы. Журы да гэтага працэсу дачынення мець не будзе. Таму паўфінальны адбор атрымліваецца вельмі жорсткім. Большасць выканаўцаў — невядомыя, ці малавядомыя музыкі.

Які ж нацыянальны адбор без скандалу? Аматары "Еўрабачання" ў інтэрнэце пачалі кампанію па змене вынікаў паўфіналаў. Яны патрабуюць дадаць у спіс фіналістаў каманду зомбі “Sweet Brains”, якая беспаспяхова ўдзельнічае ў конкурсе другі год запар і палюбілася гледачам.

“Спадарства, прашу гэтым разам не дапусціць таго, каб пракідвалі асноўных фаварытаў па меркаванні міжнароднай супольнасці фанатаў "Еўрабачання" OGAE Belarus — зомбі-бэнд Sweet Brains з песняй "Dance like zombies", — піша адзін з каментатараў і яго падтрымліваюць многія. — Надышоў час напісаць адкрыты зварот да Прэзідэнта з просьбай умяшацца ў гэтую анархію ў журы конкурсу. Чаму рэзка прынялі рашэнне, зрабіць дзесяць фіналістаў, а не пятнаццаць, хоць заўсёды рабілі менавіта так? Няўжо цяжка дапусціць яшчэ адну каманду і паглядзець, як прагаласуюць людзі за Sweet Brains у жывым эфіры. Калі народ вырашыць, што яны горшыя іншых, то так таму і быць, але калі народ абярэ іх, то яны павінны прадставіць нашу краіну на "Еўрабачанні" ў Швецыі”.

На сайце Change.org петыцыю ў падтрымку зомбі-гурта падпісалі 305 чалавек.

“Ну вы мяне прабачце, гэта нават не абмяркоўвалася, — каментуе адсутнасць глядацкіх фаварытаў у спісе фіналістаў Аляксандр Ціхановіч. — Ну, як не абмяркоўвалася!? Абмяркоўвалася, але… зразумела, што прафесійны ўзровень твора… Ну, як вы сабе ўвогуле прадстаўляеце Беларусь і… давайце іх адправім! Нармальна будзе? Яшчэ раз вам кажу, што з прафесійнага пункту гледжання іх песня мусіць быць лепей”.

Пасля абвяшчэння фіналістаў аматары "Еўрабачання" называюць і магчымых сёлетніх пераможцаў — Аляксея Гроса ды Аляксандра Іванова. Яно і не дзіўна. Аляксей — пратэжэ прадзюсарскага цэнтра “Спамаш”, які штогод змагаецца за паездку на “Еўрабачанне” і аднойчы са скандалам прасунуў Алёну Ланскую. Аляксандр — “любімчык Віктара Дробыша”, як яго прадстаўлялі на адборы. А калі ўзгадаць, што Дробыш месяц таму атрымаў ордэн Скарыны… Дададзім сюды і тое, што Белтэлерадыёкампанія аплачвае прадстаўніку краіны толькі саму паездку і знаходжанне на конкурсе. Запіс жа песні, падрыхтоўка нумару, касцюмы і ўсе астатнія выдаткі кладуцца на плечы саміх выканаўцаў. У выніку можна здагадацца, якая гарачая барацьба разгорнецца паміж гэтымі выканаўцамі.

Адборачныя туры "Еўрабачання" прайшлі 26 лістапада і 1 снежня. Фінал нацыянальнага адбору на Еўрабачанне-2016 адбудзецца не пазней за 25 студзеня 2016 года ў фармаце тэлеканцэрта ў жывым эфіры. За права прадстаўляць нашу краіну будуць змагацца Аляксандр Іваноў, Валерыя Садоўская, Анастасія Малашкевіч, гурт Navi, Аляксей Грос, Кірыл Ермакоў, гурт "Радиоволна", Саша Захарык, гурт Napoli, гурт The EM.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі