Паўла Севярынца асудзілі завочна
Паўла Севярынца выклікалі ў Маскоўскі суд Мінску за ўдзел у акцыі 24 лістапада 2015 года. Суд мусіў адбыцца 19 студзеня. Сам апазіцыйны палітык даведаўся пра выклік выпадкова і пасля самой падзеі, таму мяркуе, што яго судзілі завочна.
У каментары Радыё "Свабода" Севярынец распавёў, што позву на суд яму даслалі ў Віцебск. І позву 20 студзеня атрымала яго маці, якая выпадкова зайшла на пошту . Апазіцыянер адзначае, што пасля апошняга выхаду на фолю ён афармляўся ў Фрунзенскім раёне Мінску і там хадзіў адзначацца ў пастарунак.
Севярынец звяртае ўвагу на тое, што 24 студзеня заканчваецца тэрмін па справе. Таму, думае ён, улады паспяшаліся хуценька і цішком завяршыць справу.
24 лістапада Севярынец прымаў удзел у акцыі з нагоды гадавіны рэферэндуму 1996 года. У пратаколе міліцыянты запісалі, што правапарушэннем было "ўскладанне запаленых свечак да прыступак Дома ўрада".
Дарэчы, 19 студзеня за гэтую ж акцыю Маскоўскі суд Мінску аштрафаваў Алеся Макаева на 9,45 млн рублёў і Максіма Вінярскага на 10,5 мільёна рублёў.