Павел Якубовіч вырашыў затрымацца ў Ізраілі

Галоўны рэдактар “СБ” Павел Якубовіч, які знаходзіцца з візітам у Ізраілі, вырашыў затрымацца там на некалькі дзён. Паводле слоў Якубовіча, яго ахвотна прымаюць і палітыкі, і грамадскія арганізацыі, і калегі. Кожны дзень паступаюць прапановы аб сустрэчах, што і стала прычынай затрымкі. На яго думку, усе сустрэчы былі вельмі пазітыўныя і плённыя, паведамляе “Радыё Свабода”.

Нагадаем, Якубовіч прыбыў у Ізраіль на мінулым тыдні дзеля тлумачэння выказванняў беларускага прэзідэнта.

На сустрэчы ў МЗС гэтай краіны ён заявіў, што словы Аляксандра Лукашэнкі аб габрэйскім народзе варта разглядаць як "жартаўлівыя, несур'ёзныя", яны "не адлюстроўваюць сапраўднай пазіцыі ў адносінах да габрэяў".

Супрацоўнік Цэнтра расійскіх і ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Тэль-Авіўскага універсітэта, доктар гістарычных навук Барыс Марозаў у адносінах да выказванняў Лукашэнкі і міратворчай ролі Паўла Якубовіча выказаў такое меркаванне:

“Выказванне па сутнасці вельмі рэзкае, і як праява побытавага антысемітызму яно вельмі крыўднае. Ігнараваць яго таксама нельга. Пазіцыя спадара Якубовіча таксама надзвычай складаная. Ён не можа сказаць, што гэтага не было. Паслання прэзідэнта, выбачайце, ён з сабой не вязе. Калі Якубовіч што і прывёз, то яно настолькі мікраскапічнае і няўлоўнае... Наогул, ягоная прысутнасць у Ізраілі не моцна асвятляецца”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі