Павук-тарантул на Прыпяці, а багамол — каля Гомеля
Тарантул можа быць памерам амаль з кулак і кусаецца, як шэршань.
“Гэта паўднёварускі тарантул. Самкі могуць дасягаць пяці сантыметраў, самцы ўдвая меншыя. Гэта памер цела, без лапак. Візуальна ён можа дасягаць васьмі сантыметраў. Харчуецца, як усе павукі, бесхрабетнымі жывёлінамі збольшага — насякомымі”, — малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі наземных бесхрабетных жывёл НПЦ "НАН Беларусі па біярэсурсах" Уладзіслаў Іваноў апісвае беларускіх тарантулаў.
Гэтыя павукі цяпер жывуць на Гомельшчыне, на ўзбярэжжы Прыпяці і Сожа. Не тыповыя для беларускай фауны тарантулы прыйшлі са стэпаў Украіны і Расіі, бо пацяплела. Гняздуюцца ў норках, палююць уначы. Тэарэтычна, могуць цапнуць і чалавека, папярэджвае Уладзіслаў Іваноў.
“Зарэгістраваных выпадкаў, каб яны кусалі людзей, няма. Укус балючы, пры алергічнай рэакцыі можа быць і пагроза для чалавека. Найбольш небяспечна гэта для дзяцей, у іх можа быць галавакружэнне”, — папярэджвае Еўрарадыё Уладзіслаў Іваноў.
Але тарантул пужлівы і, хутчэй, збяжыць сам, чым нападзе не чалавека, супакойвае намеснік дэкана біялагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Мікалай Галіноўскі:
“Яны жывуць у глыбокіх норках, па 30-40 сантыметраў. Тарантул вельмі пужлівы, схаваецца сам, калі яго ўбачыць. Яго укус як укус шэршня”.
З самых небяспечных у Беларусі жывёл ён называе гадзюк. А тых, хто б пагражаў жыццю чалавека не прыгадвае наогул.
Акрамя тарантулаў у Беларусі прыжыліся таксама багамолы і павукі-восы.
“Павук-аса, ён належыць да сям'і нашых павукоў-крыжавікоў. Раней яго не рэгістравалі ў прынцыпе, а цяпер — па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Ён досыць вялікі і таксама можа цапнуць. Але наступстваў не будзе”, — тлумачыць Уладзіслаў Іваноў.
А багамолаў каля Гомеля ўжо дзве папуляцыі, даводзіць навуковец Мікалай Галіноўскі. Багамол — таксама драпежнік. Але палюе толькі на мух.
“Асаблівай шкоды ён не наносіць. Знішчае ўсё, што бачыць: мух, пчол. Але чалавеку не шкодзіць”.
У Гомельскую бальніцу хуткай дапамогі з-за нападзення тарантулаў не звярталіся. Там прыгадваюць толькі адзін укус змяі ў гэтым сезоне.
“Не вядома, якая змяя была. Павукоў не было, тарантулаў таксама”, — кажуць у гомельскай гарадской бальніцы.
І прыгадваюць, што з кляшчамі прыходзяць па пяць-шэсць чалавек за дзень.
Фота: zoopicture.ru
Відэа: youtube.com