Перадвыбарчы скандал у Літве: Наўседу вінавацяць у сувязях з бізнесам РБ

Гітанас Наўседа

Гітанас Наўседа / AP

Напярэдадні выбараў у Літве пачаўся скандал, звязаны з імем прэзідэнта Гітанаса Наўседы.

Вынікі сваёй працы абнародавала сасовая следчая камісія. Яе стварылі ў Сейме Літвы ў кастрычніку 2023-га, каб расследаваць імавернае ўмяшанне ў прэзідэнцкія выбары 2019 года, а таксама "незаконны ўплыў" на разведку і пры ўвядзенні санкцый супраць Беларусі.

У афіцыйным паведамленні гаворыцца, што кіраўнік Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літвы Дарус Яўнішкіс дапамагаў тагачаснаму кандыдату ў прэзідэнты Наўседу незаконна збіраць інфармацыю пра яго (Наўседы) атачэнне. У тым ліку інфармацыю збіралі пра чальцоў яго каманды і выбарчага штаба.

Таксама камісія заявіла, быццам у атачэнні Наўседы ёсць некалькі дзясяткаў асобаў, якія ўяўляюць пагрозу інтарэсам нацбяспекі, бо маюць ці мелі раней сувязі з людзьмі, якія кантактуюць са спецслужбамі Расіі ці Беларусі. Некаторых з іх Наўседа нібыта меркаваў прызначыць сваімі дарадцамі.

Акрамя таго Наўседу вінавацяць у сувязях з беларускім бізнесам, звязаным з гандлем калійнымі ўгнаеннямі. "Некаторыя сябры перадвыбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Наўседы, а таксама сам Наўседа ў 2018–2019 гадах сустракаліся з асобамі, якія займаліся беларускім бізнесам па вытворчасці ўгнаенняў, а таксама менеджарамі (акцыянерамі) і прадстаўнікамі камерцыйных кампаній", — заяўляе камісія. Мяркуецца, што гэтыя асобы маглі незаконна ўплываць на Наўседу, каб Літва не ўводзіла санкцыі на пастаўкі беларускага калію.

Наўседа адмовіўся даваць паказанні камісіі. Некаторыя літоўскія дэпутаты мяркуюць, што гэтым ён парушыў прысягу, чым даў падставы для імпічменту.

Тым часам у адміністрацыі прэзідэнта Літвы кажуць, што высновы камісіі відавочна палітызаваныя і накіраваныя не толькі супраць Наўседы, але і супраць мноства ведамстваў, у тым ліку Дэпартамента дзяржбяспекі, Службы спецыяльных расследаванняў і Генпракуратуры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі