Першы віцэ-прэм'ер Беларусі ледзь не страціў аплату квітка на самалёт у Маскву

Першы віцэ-прэм'ер Беларусі ледзь не страціў аплату квітка на самалёт у Маскву

Першаму віцэ-прэм'еру Беларусі маглі не аплаціць квіток на самалёт у Маскву. Аляксандр Турчын распавёў пра кур'ёзнае здарэнне, якое падштурхнула яго да спрашчэння сістэмы выплат камандзіровачных. 25 кастрычніка ён паўдзельнічаў у пасяджэнні Савета па развіцці прадпрымальніцтва, на якім абмяркоўвалася карэкціроўка Падатковага кодэксу, інфармуе партал tut.by.

"Я са здзіўленнем даведаўся, што ў камандзіроўках у нас засталося ўсё як было, — гаварыў Аляксандр Турчын. — Ёсць пазіцыя ўраду, ёсць даручэнне Міністэрству фінансаў, — усе гэтыя рэчы кардынальна спрасціць".

Новаўвядзенне наступнае: будзе пэўная сума, на якую не будуць патрабаваць пацвярджаючыя дакументы і яе можна будзе адносіць на выдаткі.

"Нядаўна быў у камандзіроўцы ў Маскве, — распавядае першы віцэ-прэм'ер. — Па звычцы дастаў стары пасадачны талон, парваў на дзве часткі і хацеў выкінуць на сметнік. Добра, што памочнік паспеў яго перахапіць: "Як жа вам аплацяць білет на самалёт?". Паслухайце, але ж аплата прайшла па безнаяўных, ёсць штамп у пашпарце і гэтак далей. Тыя ж сутачныя. Сняданак — мінус 30% ад камандзіровачных, абед — мінус 70%. Нейкія дзіўныя падыходы невядома для якіх мэт прадугледжаныя".

Турчын прывёў і іншы прыклад. Кіроўца атрымаў камандзіровачныя, але пераначаваў у кабіне машыны, у гасцініцы ўзяў пацверджанне, што там начаваў. А пасля яго могуць абвінаваціць у махлярстве і распачаць крымінальную справу. І такіх выпадкаў шмат. "Навошта гэта робіцца? — абураецца першы віцэ-прэм'ер. — Аддайце вы яму гэтыя 100 долараў, няхай дзе хоча, там і спіць". Ён паабяцаў, што прыкладзе максімум намаганняў, каб у справе з камандзіровачнымі ў будучым "усё было проста і зразумела".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі