Знайшлі прычыну паломкі на БелАЭС, спатрэбілася дапамога расійскіх спецыялістаў
Першы энергаблок Беларускай АЭС зноў паабяцалі ўключыць у сетку. Але калі гэта адбудзецца, Мінэнерга не ўдакладніла. Першы энергаблок быў "адключаны ад сеткі аўтаматычнай абаронай генератара" 12 ліпеня. У Мінэнерга не маглі растлумачыць, што ж адбылося. Ішла праверка. Падключэнне планавалі ў сярэдзіне жніўня.
Як паведамляе ў чацвер прэс-служба Міністэрства энергетыкі, праверка абсталявання і тэхналагічных сістэм на першым энергаблоку скончаная. "Выкананыя выпрабаванні выявілі неабходнасць замены аднаго з элементаў ўзбуджальніка турбагенератара, — адзначае Мінэнерга. — Праводзяцца адпаведныя працы з прыцягненнем спецыялістаў расійскага завода-вытворцы".
Калі гэтыя працы скончацца і калі пройдуць "дадатковыя выпрабаванні і дыягностыка абсталявання і сістэм турбагенератара", невядома. А толькі пасля гэтага "блок уключаць у сетку". Відаць, будуць намагацца зрабіць гэта восенню 2021-га.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.