Першы танкер з азербайджанскай нафтай для Беларусі прыбыў у порт Адэсы
Першы танкер з азербайджанскай нафтай для Беларусі прыбыў у порт Адэсы. Ён прывёз 90 тысяч тон нафты для Мазырскага НПЗ. Яшчэ 160 тысяч тон чакаецца да канца сакавіка.
Прэс-сакратар "Укртранснафты" Ірына Голад паведаміла ў каментары беларускаму Агенцтву тэленавінаў, што прыём нафты будзе працягвацца каля 12 гадзін. Спярша яе перапампуюць у марскі тэрмінал, а ўжо адтуль пачнуць перапампоўку па нафтаправодзе Адэса-Броды, а потым — на Мазырскі НПЗ.
Праблемы з нафтай на беларускіх прадпрыемствах пачаліся з 1 студзеня: Беларусь і Расія не дамовіліся пра памеры прэміі для нафтавых кампаніяў за пастаўку сыравіны. З таго часу беларускія НПЗ працуюць на 50-адсоткавай загрузцы. Пастаўкамі нафты займаюцца кампаніі групы "Сафмар" Міхаіла Гуцарыева. Таксама афіцыйны Мінск дамовіўся пра пастаўкі на сакавік з яшчэ пяцю невялікімі расійскімі кампаніямі.
Акрамя таго, Беларусь вырашыла купляць частку нафты ў Азербайджана.
Агулам у сакавіку чакаецца пастаўка на беларускія НПЗ каля 1 мільёна тон нафты.
11 сакавіка прэм'ер-міністр Сяргей Румас паведаміў, што пасля падзення коштаў на нафту Мінск зрабіў Маскве новыя прапановы. Адказ на іх чакаецца на працягу некалькіх дзён — пасля кансультацыяў з нафтавымі кампаніямі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.