Польшча можа падоўжыць тэрмін выдачы гуманітарных віз на тэрыторыі краіны
Падчас сустрэчы ў Варшаве / t.me/cbs_help
Польшча можа падоўжыць тэрмін выдачы гуманітарных віз беларусам на тэрыторыі краіны (замест канца 2022-га гэта можа быць канец сакавіка 2023-га). Абяцаецца і паляпшэнне працы візавых цэнтраў. Гаворка пра гэта ішла на сустрэчы прадстаўнікоў Цэнтра беларускай салідарнасці з чыноўнікамі МЗС і МУС Польшчы (ініцыятарам быў польскі бок).
Былі агучаны праблемы, з якімі рэгулярна сутыкаюцца беларусы пры падачы дакументаў на атрыманне гуманітарнай візы на тэрыторыі Польшчы. Вядомыя выпадкі, калі ў грамадзян Беларусі не прымалі дакументы, адмовы ж ім давалі выключна ў вуснай форме. Польскі бок паабяцаў прымаць заявы і разглядаць іх у індывідуальным парадку.
Гаворка ішла і пра візу Poland Business Harbour. Разглядаецца магчымасць атрымаць яе на тэрыторыі Польшчы — аднаразова для тых, хто ўжо меў падобную візу раней.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.