Помнік загінулым беларускім пілотам будзе з крыжом Еўфрасінні Полацкай

І эпітафіяй “Мы рождены, чтоб сказку сделать былью” (ЭСКІЗ ПОМНІКА)
У Польшчы працуюць над праектам помніка загінулым сёлета беларускім лётчыкам. Ён з’явіцца на тэрыторыі гміны Гоздзь каля Радама, у ста метрах ад месца трагедыі.

Паводле слоў праектанта помніка Анны Радніцкай, ідэю, каб замяніць класічны праваслаўны крыж на крыж старажытнабеларускі, ёй падказала праваслаўнае духавенства, а вось урывак з рускамоўнай песні савецкіх часоў параілі беларусы, якія працавалі на месцы трагедыі беларускага самалёту.

Анна Радніцка: “Фрагмент (песні. — Еўрарадыё), які прапанавалі людзі, якія тут тады былі, гэта двухрадкоўе блізкай беларускім пілотам песні “Мы рождены, чтоб сказку сделать былью”.

Галоўная частка помніка — гранітны камень, памерам 2,5 на 1,8 метры і таўшчынёю ад 30 да 50 см. У камяні будзе наскрозь выразаны каталіцкі крыж, ў гэтым крыжы будзе крыж праваслаўны, а побач — шыльда.





Пра значэнне элементаў помніку распавядае сама аўтар праекта.

Анна Радніцка: “У Польшчы ёсць звычай ставіць каплічкі на скрыжаванні дарог. Я пра гэта памятала, калі змяшчала рэлігійныя сімвалы — два крыжы, бо хачу каб людзі ўспрымалі гэта як месца памяці, дбалі аб помніку і шанавалі яго, а месцы рэлігійныя вельмі шануюцца ў Польшчы.

Пілоты былі праваслаўныя, а жыхары, якія выступілі з ініцыятываю (стварэння помніка. — Еўрарадыё) — каталікі, таму, натуральна, з’явілася думка аб’яднання гэтых сімвалаў. Я старалася аб’яднаць гэтыя крыжы, каб быў, як адзін. Гэта як бы выразаны наскрозь крыж у камяні. І ў гэты каталіцкі крыж устаўлены крыж праваслаўны”.

Паводле слоў Анны Радніцкай, у помніку атрымліваецца акно, праз якое людзі змогуць сканцэнтравацца на месцы трагедыі, што адбылася на адлегласці 100-150 метраў. Таксама адліюць шыльду, на якой будуць даты, імёны пілотаў, а таксама двухрадкоўе са згаданай песні.

Дарэчы, матэрыял, з якога будзе выраблены помнік, залежыць ад колькасці сабраных сродкаў, кажа Анна Радніцка:

“Матэрыял залежыць ад таго, ці збярэм мы на тое, каб ён быў са светлага граніту, ці можа выкарыстаем падараваны кім-небудзь glacial erratic, бо гэта наймацнейшы матэрыял”.

Для таго, каб помнік паўстаў, засталося выканаць толькі шэраг фармальнасцяў і сабраць неабходную суму грошай. Гэтым займаецца адмыслова створаны фонд, а таксама войт гміны Гоздзь Адам Яблоньскі, які і выступіў з ініцыятывай стварэння помніка.

Адам Яблоньскі: “Праект ужо гатовы. Зараз пачнецца збор грошай праз люблінскі фонд. І зараз мы павінны выдаць рашэнне аб месцы. Частку сумы ўжо сабралі жыхары Маленчына (населены пункт каля месца трагедыі. — Еўрарадыё). Я думаю, у межах 30 тысячаў злотых (10500 долараў. — Еўрарадыё) мы змесцімся”.

Адкрыццё помніка адбудзецца ў наступным годзе на Радуніцу. Гэтую дату прапанаваў польскі вайсковы ксёндз.

Адам Яблоньскі:
“Мы рыхтуемся, згодна з прапановай ксяндза-палкоўніка Аляксея Андрэюка, адкрыць помнік на пераломе красавіка-траўня — на свята наведвання памерлых”.

Дарыюш Рэмбельскі, рэдактар польскага часопіса “Армія”, які таксама дапамагае ў падрыхтоўчых працах, кажа, што фонд распачне збор грошай ужо на наступным тыдні. На рахунак фонду кожны жадаючы зможа перавесці нейкую суму. Таксама на яго перавядуць сабраныя дагэтуль сродкі.

Дарыюш Рэмбельскі: “Грошы будуць ісці на рахунак фонду “Гісторыя і сучаснасць”, і з гэтага рахунку будзе фінансавацца будова помніка".

Калі сабраная сума апынецца большай, чым патрэбна на помнік, то ўжо ёсць некалькі варыянтаў, куды іх можна скіраваць.

Дарыюш Рэмбельскі: "Калі сума будзе большая, чым патрэбна, то будзем думаць, ці магчыма гэтыя грошы перадаць сем’ям ахвяраў аварыі”.

“Калі будзем мець грошы, то добраўпарадкуем гэтае месца, пасадзім расліны, больш выразна абазначым”, — кажа праектант помніку Анна Радніцка.



Фота — echodnia.eu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі