Пратэст кітайцаў у Беларусі: сотні рабочых прыйшлі з Добруша ў Гомель
Яны пратэстуюць супраць затрымкі выплаты заробку.
2 ліпеня каля 200-300 кітайскіх рабочых, якія працуюць на будаўніцтве ў Добрушы картоннага камбінату, спынілі працу. Яны пайшлі калонай у Гомель. Такім чынам кітайцы выказвалі пратэст супраць затрымкі выплаты заробку і штрафаў, якія на іх накладвала кіраўніцтва за зрыў тэрмінаў выканання работ.
Увесь шлях з Добруша ў Гомель (гэта больш за 25 кіламетраў) калону рабочых суправаджалі міліцыянеры і АМАПаўцы. Аднак пратэстоўцаў не спрабавалі спыніць. У выніку кітайскія рабочыя прыйшлі ў Гомель на чыгуначны вакзал. Яны збіраліся ехаць у Мінск, каб сустрэцца з амбасадарам Кітая ў Беларусі. Пазней рабочыя вырашылі ісці ў Мінск пешшу, іх калону суправаджаюць аўтазакі.
Як паведамляла Еўрарадыё, у кастрычніку 2009 года каля 60 кітайцаў, якія працавалі ў Пружанскім раёне, выправіліся ў паход на беларускую сталіцу. Ім месяц не плацілі заробак. Кітайцаў спынілі ў Пружанах і пераканалі вярнуцца, да іх прыязджалі супрацоўнікі кітайскай амбасады.
Фота: gomel.today, tut.by, ЖЖ