Праўладная прапагандыстка Бондарава атакавала Генпракуратуру
Праўладнай прапагандыстцы не падабаецца сексуальная адукацыя / vseosvita.ua
Чарговую атаку на дзяржструктуру павяла праўладная гродзенская прапагандыстка Вольга Бондарава. Ёй не падабаецца прапанова Генпракуратуры ўвесці ў школах абавязковыя ўрокі палавога выхавання.
Як распавядала Еўрарадыё, днямі Генпракуратура агучыла шэраг прапаноў па "абароне дзяцей ад сексуальнага гвалту і эксплуатацыі". У прыватнасці, было прапанавана ўвесці адміністрацыйную адказнасць за прапаганду "нетрадыцыйных сэксуальных зносін, змены полу, педафіліі і чайлдфры", а таксама ўвесці ўрокі палавога выхавання для дзяцей і моладзі.
Бондарава лічыць, што гэтыя ўрокі будуць падрыхтаваныя "на аснове заходніх метадычак". Палавое выхаванне, на яе думку, "супярэчыць спрадвечным традыцыям беларускага народа, яго разуменню сямейных каштоўнасцяў і міжасобасных адносін".
Прапагандыстка склала зварот супраць ініцыятывы Генпракуратуры і збірае пад ім подпісы. Накіраваць яго Бондарава плануе ў адміністрацыю Лукашэнкі і мітрапаліту Веніяміну.
Варта нагадаць, што нядаўна Бондарава ў сваім тг-канале атакавала начальніка гродзенскай абласной міліцыі, а потым запісвала відэа з прабачэннямі. Не выключана, што такімі ж прабачэннямі скончыцца і гэтая ініцыятыва няўрымслівай прапагандысткі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.