Прэзідэнт Польшчы сустрэўся з маці Рамана Бандарэнкі
Анджэй Дуда і Алена Бандарэнка / prezydent.pl
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда пагутарыў на перадкалядным прыёме з маці Рамана Бандарэнкі Аленай. Пра загінулага падчас пратэстаў мінчука Дуда гаварыў і ў сваім выступе перад удзельнікамі мерапрыемства.
"Раман Бандарэнка загінуў за свабодную і незалежную Беларусь. Гэта цана, якую часам даводзіцца плаціць за свабоду. Нашы суседзі ўкраінцы цяпер плацяць за незалежнасць вельмі вялікую цану. І мы іх падтрымліваем ў барацьбе. Як і вы, беларусы", — сказаў ён. Па словах польскага прэзідэнта, ён верыць, што "сапраўдныя беларусы не з Расіяй, што яны не пагодзяцца з расійскай акупацыяй і панаваннем, што яны не з'яўляюцца часткай "русского мира". Са свабоднай і незалежнай Беларуссю ў Польшчы не будзе ніякай сцяны на мяжы.
Сустрэча Анджэя Дуды з лідарам беларускага дэмакратычнага руху Святланай Ціханоўскай і беларускай дыяспарай адбылася ўчора.
Раман Бандарэнка памёр 12 лістапада 2020 года ў бальніцы хуткай дапамогі пасля таго, як яго збілі невядомыя (так сцвярджае пракуратура) у дварах на мінскай вуліцы Чарвякова. Гэтыя двары ў 2020 годзе атрымалі назву Плошча Пераменаў. Крымінальную справу па факце смерці Бандарэнкі завялі праз тры месяцы — пасля таго, як у медыя з'явіліся імёны людзей, як мяркуецца, датычных да забойства. Але ўжо ў верасні расследаванне справы прыпынілі: следчыя так і не змаглі ўстанавіць падазраваных. Затое адбыўся суд над журналістам і медыкам, якія зняпраўдзілі сцвярджэнні беларускіх чыноўнікаў, што раман быў п'яны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.