Прыхільнікі Гюнеш і Litesound прагаласавалі за Пятра Ялфімава

Як падлічыла Еўрарадыё, у першыя хвіліны за спевака галасавалі па 290 чалавек у секунду.  Канкурэнты Пятра Ялфімава па Еўрафэсце сцвярджаюць, што іх фанаты не змаглі за іх прагаласаваць. А вось каб аддаць голас за пераможцу, праблем не было.

Лідэр гурта Litesound Дзмітрый Кін расказаў Еўрарадыё, што прыхільнікі гурта так і не здолелі датэлефанавацца, каб аддасць свае галасы на іх карысць. Але як толькі набіралі лінію Ялфімава – адразу датэлефаноўваліся і іх галасы залічвалі.

Дзмітрый Кін: “Ніхто з маіх знаёмых не мог прагаласаваць за нас – датэлефанавацца было немагчыма. А потым некаторыя з іх, каб праверыць, спрабавалі патэлефанаваць на карысць Ялфімава і дазвон праходзіў з першага разу – голас залічваўся. Гэта насцярожвае і можна зрабіць выснову, што колькасць ліній была неаднолькавая”.

Хлопцы з Litesound збіраюцца звярнуцца ў Белтэлекам і праверыць, наколькі агучаныя вынікі адпавядаюць рэальнасці.

Такія ж праблемы ўзніклі і ў тых, хто хацеў прагаласаваць за Гюнэш. Пра гэта Еўрарадыё расказала дырэктар спявачкі Вольга Зінавая.

Вольга Зінавая: “Асабіста я, як дырэктар Гюнэш, проста не змагла датэлефанавацца. На працягу 15 хвілін была “адмова сеткі”. Я так і не зрабіла ніводнага тэлефанавання. Ніводнага тэлефанавання не зрабілі і мае дзеці, якія знаходзіліся побач. Можа была лінія перагружаная? Можна толькі здагадвацца. Але ў скарбонку галасоў на карысць Пятра мае тры галасы спакойна прайшлі”.

Больш за тое, яна нават правяла невялікае даследаванне на гэты конт.

Вольга Зінавая: “Галасаванне ішло 900 секунд. Калі падзяліць 11780 галасоў за Ялфімава на гэтыя лічбы, атрымаецца, што ў секунду прымалася больш за 13 тэлефанаванняў. У такім выпадку ў кожнага з удзельнікаў павінна быць пэўная колькасць уваходных каналаў, якія адначасова могуць прымаць тэлефанаванні. Калі ва ўсіх было, да прыкладу, па 13 каналаў, узнікае іншае пытанне: “Чаму ў Пеці ў секунду прымалася 13 тэлефанаванняў, а ў мяне – 10? А ў “Ветра ў галаве” – 4?” Не таму, што людзі не тэлефанавалі. Парадокс у тым, што ніхто не датэлефанаваўся і цяпер у разгубленасці – адкуль жа тады галасы ўзяліся?!”

Акрамя таго, па яе словах, ужо ў першую хвіліну галасавання на карысць Ялфімава паступіла 2900 галасоў. Гэта азначае, што ў секунду прымалася 480 тэлефанаванняў толькі ў яго скарбонку. Вольга Зінавая вельмі сумняваецца ў здольнасцях Белтэлекама выконваць такую працу і выказала меркаванне, што падлікі вяліся не з дапамогай тэхнікі, а “ў ручную”.

Дырэктар Пятра Ялфімава Таццяна Касмачова лічыць, што галасаванне прайшло сумленна і пераможцам яе падапечны стаў заслужана. Усе ж астатнія абвінавачанні называе звычайнай зайздрасцю.

Таццяна Касмачова: “Я не камп’ютаршчык, таму мне цяжка нешта казаць. Але мяркую, што ім проста трэба нешта адказваць на вашы пытанні. Хай больш займаюцца творчасцю, а не глупствамі”.

Розныя погляды ва ўсіх і на тое, ці адпавядае песня Пятра Ялфімава фармату Еўрабачанню. На думку кіраўніка праекта “Еўрафэст” Аляксандра Ціхановіча, песня фармату еўрапейскага конкурсу адпавядае, але дапрацоўваць яе неабходна. Як і сур’ёзна працаваць над шоў-праграмай.

Аляксандр Ціхановіч: “Песні патрэбная дапрацоўка. Гэта на 100%. Але такі фармат можа быць на Еўрабачанні. Гэта такі поп-рок. Гэта прыймальна для Еўрабачання. Але гэта не толькі конкурс песні, але яшчэ і конкурс з пастаноўкай нумару, з шоу. Я лічу, што і тут дапрацоўваць нумар трэба, але тут, як пажадае выканаўца”.

Таццяна Касмачова ж лічыць, што рабіць нейкае шоу ў выглядзе даўганогіх дзяўчат на падтанцоўцы, Пятру Ялфімаву няма патрэбы, ён вышэй за гэта. Хоць і пагаджаецца, што тэатральна яму нумар аформіць варта. Кажа,і задумы ёсць. Наколькі яны ажыццявяцца – будзе залежыць ад таго, колькі грошай выдзеліць Белдзяржтэлерадыёкампанія.

Таццяна Касмачова: “Нам трэба сесці за стол перамоваў з Белдзяржтэлерадыёкампаніяй і вызначыцца: на што мы можам разлічваць у арганізацыі афармлення нашага нумару, і вызначыцца, наколькі рэальна нашы ідэі ажыццявіць”.

Праўда, колькі грошай трэба, Таццяна Касмачова сказаць адмовілася.

А вось былы вядучы Еўрафэсту Алесь Круглякоў адзначае, што нягледзячы на выбітны голас Пятра, сама песня атрымалася не запамінальнай. Да таго ж і з англійскай мовай праблемы.

Алесь Круглякоў: “Дрэнна, што не разумеюць нашы спевакі таго, што не атрымаецца ў іх добра спяваць па-англійску. І каша альбо вата ў роце літаральна ў іх ва ўсіх. Я магу вас запэўніць, што ніхто не будзе слухаць – на якой мове спяваюць. Усе будуць глядзець на нумар і слухаць вакал. Нават на карысць было б, каб гэтая песня гучала не на дрэннай англійскай мове, а на добрай беларускай”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі