Прызнаць "Л/ДНР" або захаваць "мірны астравок": няпросты выбар Лукашэнкі
Сітуацыя патавая. Што рабіць? / Reuters / V.Fedosenko
Прызнанне Расіяй "Л/ДНР" абвастрыла сітуацыю ў рэгіёне. Аляксандр Лукашэнка, як партнёр і "малодшы брат" Уладзіміра Пуціна, апынуўся ў няпростай сітуацыі. Заявы беларускага МЗС пра "павагу і разуменне рашэння расійскага боку" замест неадкладнага прызнання Беларуссю "Л/ДНР" для Пуціна можа быць недастаткова.
Што зробіць цяперашні беларускі кіраўнік у гэтай сітуацыі? Як адаб'ецца рашэнне Лукашэнкі на беларусах і чаму ў міністра абароны Беларусі Лукашэнка і Пуцін — "нашы прэзідэнты"? На гэтыя і іншыя пытанні ў інтэрв'ю Еўрарадыё адказвае аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Вадзім Мажэйка.
"Складана пазайздросціць тым, у каго ўклады ў "БелВЭБе"
Еўрарадыё: Што чакае беларусаў, калі Лукашэнка прызнае "Л/ДНР"?
Вадзім Мажэйка: Мы бачым, што на беларусах ужо адбілася нават прызнанне "Л/ДНР" Расіяй. Бачым, як растуць курсы валют да беларускага рубля. Бачым, як дочкі расійскіх банкаў у Беларусі трапляюць пад санкцыі — складана пазайздросціць тым, у каго ўклады ў "БелВЭБе". Сам факт таго, які знешнепалітычны курс абраў Лукашэнка, ужо негатыўна адбіваецца на беларусах.
Пытанне ў тым, ці будзе ў Лукашэнкі досыць сіл на тое, каб не прызнаць "Л/ДНР". Мы памятаем сітуацыю з Абхазіяй і Паўднёвай Асеціяй. Цяпер Лукашэнка можа прапанаваць Расіі кампенсаваць магчымыя эканамічныя страты ад магчымых санкцый пасля прызнання "Л/ДНР". Тады [канфлікт у Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. — Еўрарадыё] ў яго гэта не атрымалася. Калі зараз Расія прапануе некалькі мільярдаў на кампенсацыю санкцый, то магчыма, што Лукашэнка пойдзе на гэты крок.
Вадзім Мажэйка: Лукашэнка знаходзіцца паміж Сцылай і Харыбдай. З аднаго боку, яго цяперашнія паводзіны прыводзяць да таго, што яму даводзіцца рухацца ў фарватары Пуціна, быць больш рускім прапагандыстам, чым самі рускія прапагандысты. Але, як мы бачым, Лукашэнку зручней рабіць рытарычныя заявы, чым якія-небудзь рэальныя дзеянні. І ўся ваенная падтрымка Расіі, словы пра тое, што мы будзем ледзь не разам ваяваць, — Лукашэнка, вядома, хацеў бы абмежавацца словамі, а не дзеяннямі.
З іншага боку, калі Лукашэнка прызнае "Л/ДНР", то зразумела, што гэта будуць моцныя санкцыі, якія ўжо цяпер уводзяцца супраць Расіі. Яны яшчэ больш удараць па Беларусі. У Лукашэнкі ўсё менш будзе заставацца яго знешнепалітычнай суб'ектнасці. А яго і так мала прызнаюць гульцом [на палітычнай арэне. — Еўрарадыё].
"Мірны астравок", на якім стаяць расійскія ракеты
"Запомніце: улада і я, як прэзідэнт, буду рабіць усё для таго, каб Беларусь была мірным астраўком на гэтай звар'яцелай планеце". Так Лукашэнка выказаўся 22 лютага — у той час, калі на тэрыторыі Беларусі сканцэнтраваная групоўка расійскіх войскаў, якія прыехалі "на вучэнні".
Еўрарадыё: Ці атрымаецца ў Лукашэнкі стварыць "мірны астравок"?
Вадзім Мажэйка: Прадстаўленне Беларусі як "мірнага астраўка на фоне звар'яцелай планеты" — гэта, прабачце, нейкае побытавае раздабарванне. Зразумела, што планета не звар'яцела і Беларусь ніякім такім астраўком не з'яўляецца. Калі чалавеку здаецца, што адзін ён нармальны, а ўсе вакол звар'яцелі, то ў такой сітуацыі звычайна рэкамендуюць, скажам так, больш уважліва паставіцца да свайго здароўя.
Каб Беларусь сапраўды была "мірным астраўком", Лукашэнку варта было б спыніць разгул гвалту супраць беларускіх грамадзян. Расследаваць злачынствы, якія былі здзейсненыя сілавікамі. Нармалізаваць знешнюю палітыку, перастаць ісці ў фарватары Расіі і вярнуцца да шматвектарнасці. Але мы разумеем, што ўсё гэта цяпер зусім несувымернае з рэальным палітычным выбарам Лукашэнкі.
Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін не адстае ад Лукашэнкі па частцы выказванняў. "...Але ў мяне ёсць упэўненасць і перакананасць, што нашы прэзідэнты, самыя моцныя сёння, я лічу, у сусветнай палітыцы, Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін не дапусцяць скаціцца ў гарачую фазу..." — кажа Хрэнін.
Еўрарадыё: Што гэта за "нашы прэзідэнты"?
Вадзім Мажэйка: Выказванне Хрэніна, вядома, сімптаматычнае. Фармальна ён ідзе ў фарватары Лукашэнкі. Калі Лукашэнка называе Пуціна "старэйшым братам", то не грэх і Хрэніну сказаць, што ў яго цяпер, відаць, не адзін прэзідэнт, а два браты.
Вадзім Мажэйка: Вядома, для вайскоўцаў суверэннай краіны гэта цалкам непрымальна. У нармальнай сітуацыі гэта было б падставай для зняцця такога міністра. Але, як мы бачым, сёння ў Беларусі гэта проста адлюстраванне таго, што вайскоўцы адчуваюць. Што не зусім адзін Лукашэнка кантралюе сітуацыю ў Беларусі, а ўжо тым больш у ваенным сэнсе. Расійскія войскі ў Беларусь зайшлі і ніяк з яе не выходзяць — у доўгатэрміновай перспектыве гэта падштурхоўвае да такіх настрояў. Хтосьці будзе антаганізавацца супраць расійскіх войскаў, а хтосьці будзе, наадварот, думаць, як з імі сябраваць, і хоць бы рытарычна ўбудоўвацца ў ваенную частку.
Еўрарадыё: Незалежнасць Беларусі пад пагрозай?
Вадзім Мажэйка: Я не схільны да алармізму і не спяшаўся б гаварыць пра поўную страту суверэнітэту. Але безумоўна, што апошнім часам знешнепалітычная незалежнасць Беларусі звужаецца. І пытанне "прызнае ці не прызнае "Л/ДНР" — гэта пытанне таго, наколькі Беларусь захоўвае нейкую частку знешнепалітычнай суб'ектнасці. Наколькі яна здольная дзейнічаць у інтарэсах самой сябе, а не толькі ў інтарэсах Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.