Пуцін сапраўды можа хварэць: прэс-служба Крамля надрукавала старое фота

11 сакавіка з'явілася інфармацыя пра хваробу расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Раптоўна быў адменены яго візіт у Астану. Там на 12-13 сакавіка былі запланаваныя перамовы прэзідэнта Расіі з кіраўнікамі Беларусі і Казахстана. Агенцтва Reuters са спасылкай на неназванага казахстанскага чыноўніка паведаміла, што верагодна прычынай адмены візіту Пуціна стала хвароба.

Прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў заявіў, што кіраўнікі трох дзяржаваў вырашылі перанесці сустрэчу "на некалькі дзён". Але прычыны такога рашэння не назваў. Як інфармуе РІА "Новости", пазней той жа Пяскоў абверг інфармацыю пра хваробу Пуціна, сказаў, што ў прэзідэнта са здароўем усё выдатна.

Аднак увечары 11 сакавіка "Дождь" паведаміў, што прэс-служба Крамля сёння апублікавала фота, на якім Уладзімір Пуцін размаўляе з кіраўніком рэспублікі Карэлія Аляксандрам Худзілайненам. Можна было зразумець, што сустрэча прайшла ў сераду. Аднак, як напісала газета "Вести Карелии", гэтая сустрэча прайшла яшчэ... 4 сакавіка. А 11 сакавіка Худзілайнен цэлы дзень знаходзіўся ў Петразаводску.

Звычайна, калі прэс-службы кіраўнікоў краін былога СССР выкарыстоўваюць такія "хітрыкі", гаворка ідзе сапраўды пра хваробу першай асобы. Робіцца спроба стварыць уражанне, што з ім усё ў парадку.

Фота: kremlin.ru, ria.ru, vesti.karelia.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі