Пётр Марцаў: “План лорда Бэла крыху заўчасны для Беларусі”

Еўрарадыё вырашыла даведацца, чаму афіцыйны Мінск ніяк не рэагуе на адпраўлены лордам Бэлам план па змене вонкавага іміджу Беларусі.

Больш за два тыдні таму лорд Бэл адаслаў кіраўніку дзяржавы свой план па змяненні вонкавага іміджу Беларусі. Як раней паведамляла Еўрарадыё, англійскі дакумент дзесьці заблукаў у калідорах беларускіх адміністратыўных будынкаў.

У сераду ў інтэрв’ю Еўрарадыё лорд Бэл паведаміў, што плануе сустрэчу з беларускім прэзідэнтам менавіта з-за таго, што так і не атрымаў аніякага адказу з Беларусі:

“Мы яшчэ не падпісалі кантракт, бо пакуль што не абгаворвалі план з вашым урадам. Я пакуль не атрымаў аніякага адказу ад вашага прэзідэнта, таму планую ў бліжэйшыя некалькі тыдняў сустрэцца з Лукашэнкам. Мы абмяркуем мой план: у выніку альбо падпішам кантракт, альбо не”.

Як даведалася Еўрарадыё, пра чарговую сустрэчу англійскага піяршчыка і прэзідэнта Беларусі ў прэсавай службе Міністэрстве замежных спраў нічога ня ведаюць:

“Я нічога пра гэта ня ведаю…”

Аляксандр Фядута, былы начальнік Упраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзідэнта, лічыць, што сітуацыя з планам лордам Бэла з’яўляецца выбітнай для міжнароднай практыкі:

“Я наогул ня ведаю, ці існуюць такія прэцэндэнты ў міжнароднай практыцы, калі кіраўнік ці то арганізацыі, ці то краіны, які замаўляе нейкі план, а потым не адказвае. Ну як такое магчыма?”

На думку вядомага беларускага палітолага Пятра Марцава, беларускія ўлады пакуль ніяк не адказваюць лорду Бэлу, бо насамрэч пакуль не вырашыліся, выкарыстоўваць яго, ці не:

“Я дапускаю, што кіраўніцтва нашай краіны даручыла распрацаваць англійскаму спецыялісту праграму пазітыўнага піяра нашай краіны, і лорд Бэл прадставіў такі план Беларусі. Напэўна, кіраўніцтва нашай краіны яшчэ не вызначылася, трэба выконваць план англійскага лорда, ці не. Таму што падзеі, якія адбываюцца з нашай краінай на міжнароднай арэне – неадназначныя. Неадназначныя, па-першае, па ўспрыняцці”.

Па словах Пятра Марцава, немагчыма палепшыць вонкавы імідж Беларусі без наладжвання нармалёвых адносін з краінамі Захада:

“Немагчыма рэалізаваць пазітыўную праграму, калі ты адначасова сварышся з ЗША і Еўрасаюзам. Таму я думаю, што план лорда Бэла крыху заўчасны для Беларусі”.

Як бы там не было, аднак на дадзены момант беларускі прэзідэнт ніяк не адказаў на адпраўлены лордам Бэлам план па паляпшэнні вонкавага іміджу Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі