Расія афіцыйна падцвердзіла забарону экспарту нафтапрадуктаў у Беларусь
Расія на адзін год уводзіць забарону за экспарт у Беларусь светлых і цёмных нафтапрадуктаў, а таксама звадкаванага вуглевадароднага газу (ЗВГ). Забарона пачне дзейнічаць ад лістапада 2018 да канца 2019 года. Гэту інфармацыю пацвердзіў міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак, паведамляе Reuters.
Паводле яго слоў, падпісаны краінамі пратакол прадугледжвае забарону на пастаўкі цёмных нафтапрадуктаў, дызельнага паліва. Пры гэтым пагадненне мае на ўвазе захаванне паставак пэўных нафтапрадуктаў, якія не вырабляюцца ў Беларусі — гэта прадукцыя нафтахімічных заводаў.
Пратакол прадугледжвае нязначныя аб'ёмы экспарту, у прыватнасці, шэрагу кампанентаў бензіну, якія могуць быць выкарыстаны ў нафтахіміі, таксама шырокай фракцыі лёгкіх вуглевадародаў, аліва, вазелін. Мэтай забароны называюць перадухіленне стратаў для расійскага бюджэту і пазбяганне шэрых схемаў.
Пры гэтым сродкі ад “перетаможки” 6 млн тонаў нафты будуць паступаць у Беларусь і ў гэтым годзе, і ў наступным. Беларускі бок пакуль ніяк не каментуе гэтае рашэнне.
Паводле агенцтва Argus, чыгуначныя пастаўкі нафтапрадуктаў з Расіі ў Беларусь у студзені-жніўні 2018 года склалі 2,38 млн тонаў, што на 375 тыс. тонпў больш, чым за аналагічны перыяд 2017 года. Больш за ўсё адгружаюць мазуту (860 тыс. тонаў), нафты (733 тыс. тонаў) і вакуумнага газойлю (589 тыс). У грашовым эквіваленце атрымалася каля 1 млрд долараў.