Расія не зможа прыняць матчы ЧС-2021 па хакеі замест Беларусі — IIHF
Расія не зможа прыняць беларускія матчы ЧС па хакеі / з архіва БЕЛТА
Перанос матчаў чэмпіянату свету па хакеі 2021 года з Беларусі ў Расію стаў немагчымы з-за санкцый Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) у дачыненні да расійскага спорту. З такой заявай выступіла прэс-служба Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF).
Размова аб пераносе матчаў ЧС-2021 з Беларусі ў Расею ўзнікла пасля прэзідэнцкіх выбараў і падаўлення пратэстаў у краіне. Пра магчымасць такога пераноса ў канцы лістапада пісаў журналіст выдання The Hockey News Раян Кэнэдзі. Пазней стала вядома, што на сустрэчы ў Маскве з прэзідэнтам IIHF Рэнэ Фазелем кіраўнік Федэрацыі хакея Расіі Уладзіслаў Траццяк сапраўды прапанаваў правесці гэтыя матчы ў Санкт-Пецярбургу. Але цяпер такі перанос стаў немагчымы.
"У сувязі з будучай пастановай CAS IIHF не ініцыявала дыскусіі, якія тычацца прапановы Расеі правесці чэмпіянат свету 2021 года. У бліжэйшыя два гады арганізацыя дарослых чэмпіянатаў свету ў Расіі немагчымая ", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Федэрацыі, перадае агенцтва ТАСС.
Санкцыі WADA у чацвер зацвердзіў Спартыўны арбітражны суд (CAS). Згодна апублікаванаму спісу абмежаванняў, Расія на працягу двух гадоў не зможа прымаць чэмпіянаты свету, Алімпійскія і Паралімпійскія гульні. Ёй таксама забаронена ўдзельнічаць у гэтых спаборніцтвах. Спартсмены змогуць выступаць толькі пад нейтральным флагам. Акрамя таго, вышэйшыя расійскія чыноўнікі, уключаючы прэзідэнта, прэм'ер-міністра, дэпутатаў, прадстаўнікоў Адміністрацыі прэзідэнта і розных міністэрстваў не змогуць прысутнічаць на спаборніцтвах.
Кіраўнік расейскай Федэрацыі хакея, каментуючы гэтае рашэнне, выказаў надзею, што вышэйшыя расійскія чыноўнікі ўсё ж змогуць паглядзець матчы чэмпіянату свету ў Мінску — калі іх запросяць беларускія калегі.
"Будзем думаць, што нам рабіць далей, можа быць, будзе запрашэнне ад урада. Думаю, што беларусы запросяць вышэйшае кіраўніцтва", — цытуе Траццяка ТАСС.
Чэмпіянат свету па хакеі 2021 года павінен адбыцца з 21 мая па 6 чэрвеня ў Рызе і Мінску.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.