Расія збіраецца прыпыніць пастаўкі нафты ў Беларусь
Віцэ-прэм'ер Расіі Аркадзь Дварковіч выказаў занепакоенасць тым, што рэзка ўзраслі пастаўкі нафты ў Беларусь з боку даччыных прадпрыемстваў "Татнафты" і "Газпрама". Ён даручыў Мінэнерга, Мінфіну і Федэральнай мытнай службе Расіі сумесна з "Газпрамам" і "Татнафтай" далажыць аб прычынах гэтага. Абмеркаванне адбылося, як паведамляе РБК, яшчэ 17 лютага.
Дварковіч рэкамендаваў "Газпраму" і "Татнафце" прыпыніць пастаўкі паліва ў Беларусь, пакуль урад не азнаёміцца з вынікамі дакладаў.
Паводле інфармацыі РБК, праблему з пастаўкамі нафтапрадуктаў у Беларусь агучыў кіраўнік мытнай службы Аляксандр Бельянінаў. Па яго словах, ад гэтага скараціліся паступленні ў расійскі бюджэт.
Паведамляецца, што такія пастаўкі ідуць з нафтабаз у Смаленскай вобласці або адразу з перапрацоўчых даччыных структур расійскіх нафтавых кампаній у Беларусі. Яны не абкладаюцца мытнымі плацяжамі, бо наша краіна ўваходзіць у адзіную эканамічную прастору з Расіяй і ў Мытны саюз.
Такім чынам кампаніі выйграюць двойчы. Па-першае, яны зменшылі падаткі, бо пастаўкі ў Беларусь не з'яўляюцца экспартам. Па-другое, яны атрымалі прыбытак: з пачатку года пастаўляць бензін на беларускі рынак больш выгадна, бо кошты на АЗС вышэй за расійскія.
Па словах чыноўніка Мінэнерга, на якога спасылаецца РБК, цяпер "Татнафта" і "Газпрам" прыпынілі пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь.