Расіяніну, які ўдарыў мінскага маршрутчыка, далі адзін год калоніі
Суд Цэнтральнага раёна Мінска 4 студзеня прысудзіў да аднаго года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму расіяніна, які ўдарыў мінскага маршрутчыка, піша tut.by.
Здарэнне адбылося 24 кастрычніка на вуліцы Арлоўскай у Мінску. Аўтамабілі "Хёндэ" і "Мерсэдэс" з расійскімі нумарамі заблакавалі на дарозе маршрутку №1077. Потым людзі з гэтых аўто выцягнулі з салона маршрутчыка, адзін з іх стукнуў яго ў твар, а другі трымаў мужчыну, каб той не супраціўляўся. Невядомыя з'ехалі, а маршрутчыку спатрэбілася аперацыя.
Нападнікаў затрымалі на наступны дзень, калі яны ехалі ў бок расійскай мяжы. Гэта былі 42-гадовы жыхар Стаўрапаля і 46-гадовы жыхар Баку. Следчы камітэт пачаў крымінальную справу за хуліганства. Аднаго з нападнікаў узялі пад варту, другі быў пад падпіскай аб яўцы.