Па справе аб збіцці мінскага маршрутчыка затрымалі 6 чалавек
Па справе аб збіцці мінскага маршрутчыка ў Смалявіцкім раёне на трасе М1 затрымалі 6 чалавек. Яны не паспелі з'ехаць у Расію і знаходзяцца ў следчым ізалятары ў Барысаве. Як інфармуе ў Twitter прэс-служба міліцыі Мінскай вобласці, даішнікі з Барысава і Смалявічаў спынілі на трасе два легкавыя аўтамабілі — была інфармацыя, што на іх спрабуюць збегчы з Беларусі мужчыны, якія напалі на кіроўцу маршруткі. На месцы праваахоўнікі не разбіраліся, хто з прысутных датычны да гэтага злачынства. Прыехалі амапаўцы і ўсіх замежнікаў даставілі для разбіральніцтва ў Барысаўскае РУУС.
По поводу вчерашнего инцидента, в результате которого пострадал водитель минской маршрутки: две иномарки задержали на трассе М-1 сотрудники ГАИ Борисова и Смолевич. Находившиеся в машинах 6 человек сейчас доставлены для разбирательства в Борисовское РУВД.
— UVD_Minobl (@UVD_Minobl) 25 октября 2018 г.
Кіроўца маршруткі Анатоль быў у шокавым стане і паспрабаваў ехаць далей, але неўзабаве яму стала кепска. Ён выклікаў міліцыю, напісаў заяву, пасля чаго паехаў да медыкаў. Высветлілася, што ў яго зламаная сківіца. 37-гадовага мужчыну шпіталізавалі, яму зрабілі аперацыю.
Раніцай 25 кастрычніка Hyundai і Mercedes з відэа, якое трапіла ў інтэрнэт, заўважылі на трасе М1. Яны ехалі ў бок расійскай мяжы. Аўтамабілі былі спыненыя. Сталічная міліцыя паведаміла, што ў нападзе на маршрутчыка падазраюцца 42-гадовы жыхар расійскага горада Стаўрапаль і 46-гадовы жыхар Баку.
Як стала вядома, крымінальную справу распачалі па факце хуліганства, здзейсненага групай асоб. Прызначана судова-медыцынская экспертыза для ўстанаўлення характару і ступені цяжкасці прычыненых кіроўцу маршруткі цялесных пашкоджанняў, паведамляе БЕЛТА.