Расійскае ТБ апублікавала запіс размовы паміж дачкой і пляменніцай Скрыпаля
Тэлеканал "Россия 1" апублікаваў аўдыёзапіс тэлефоннай размовы, якая нібыта адбылася паміж Юліяй Скрыпаль — дачкой экс-палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля, атручанай разам з ім у Брытаніі — і яго пляменніцай Вікторыяй Скрыпаль, якая жыве ў Расіі.
На запісе голас, які прыпісваецца Юліі Скрыпаль, паведамляе, што стан яе здароўя палепшыўся і яна спадзяецца хутка выпісацца з лякарні, перадае Бі-Бі-Сі. Аднак журналісты не маюць магчымасці праверыць сапраўднасць гэтага запісу.
Жаночы голас на запісе таксама паведамляе, што паляпшаецца і стан здароўя Сяргея Скрыпаля.
Раней брытанскія ўлады паведамлялі, што Юлія Скрыпаль апрытомнела і пачала размаўляць, але стан яе бацькі называлі крытычным.
Нагадаем, што перабежчыка з ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачку Юлію атруцілі ў брытанскім горадзе Солсберы 4 сакавіка. Брытанскія ўлады заяўляюць, што іх маглі атруціць нервова-паралітычным рэчывам "Навічок". Афіцыйны Лондан лічыць, што за нападам стаіць Расія. Масква адпрэчвае гэтыя абвінавачанні.