Расійская паліцыя адмовілася заводзіць крымінальную справу супраць сына Кадырава
Адам і Рамзан Кадыраў
Завяршылася праверка па факце збіцця Мікіты Журавеля ў грозненскім СІЗА. Яе вынік — крымінальную справу супраць сына кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава Адама (менавіта ён наносіў пабоі) заводзіць не будуць. Інфармацыя пра інцыдэнт, які адбыўся яшчэ ў жніўні, трапіла ў СМІ. Пасля гэтых публікацый у СК Расіі была накіраваная заява з просьбай правесці праверку. Яе аўтар Іван Мацвееў не згадваў Кадырава, але прасіў завесці справу на супрацоўнікаў СІЗА, якія пусцілі старонніх і дапусцілі збіццё Журавеля.
Пазней Кадыраў-старэйшы апублікаваў відэа збіцця і сказаў, што ганарыцца сынам.
Праверку праводзіла паліцыя Грознага. Адмову заводзіць крымінальную справу матывавалі тым, што Адаму Кадыраву — 15 гадоў. Гэта значыць, ён не дасягнуў узросту крымінальнай адказнасці. Паводле расійскіх законаў, адказнасць за такія злачынствы пачынаецца з шаснаццаці гадоў. Заяўнік Мацвееў ужо адрэагаваў на гэтыя навіны і заявіў, што мае намер пайсці далей і напісаць заяву ў ФСБ. На яго думку, у справе Журавеля праглядаецца карупцыя.
Дададзім, што Мікіту Журавеля затрымалі ў траўні 2023 года паводле справы аб спаленні Карана ў Валгаградзе. У расійскім СК казалі, што хлопец прызнаўся ў зробленым.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.