Расійскі дырыжор Співакоў адмовіўся ад ордэна, уручанага яму Лукашэнкам

Расійскі дырыжор Співакоў адмовіўся ад ордэна, уручанага яму Лукашэнкам

Расійскі дырыжор Уладзімір Співакоў адмовіўся ад ордэна Францішка Скарыны, якім яго ў 2014 годзе ўзнагародзіў Аляксандр Лукашэнка. Адкрыты ліст артыста апублікавала "Новая Газета". 

Співакоў згадвае, што Лукашэнка ўзнагароджваў яго ордэнам за асаблівыя заслугі ў галіне гуманітарнай і дабрачыннай дзейнасці, поспехі на глебе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, у абароне чалавечай годнасці і правоў грамадзян Беларусі. "Мабыць, у той час гэтыя паняцці яшчэ былі вам блізкія. Сёння я па-ранейшаму падзяляю гэтыя каштоўнасці, але не з вамі, кіраўніком, які стварыў для свайго народа ўмовы жыцця, несумяшчальныя з гуманізмам і дэмакратыяй", — піша ён.

Па словах артыста, сёння на "свяце" Лукашэнкі пануюць "цемрашальства, тыранія, гвалт і бясконцыя прыклады крайняй жорсткасці, з якой улады душаць волевыяўленне мноства грамадзян па ўсёй краіне".

Співакоў нагадвае, што ён неаднаразова выступаў у Мінску ды іншых гарадах Беларусі, нядаўна ў нашай краіне адзначалася 10-годдзе фестывалю "Уладзімір Співакоў запрашае".

"Сёння маё сэрца б'ецца ва ўнісон з народам Рэспублікі Беларусь, які правамерна патрабуе захавання элементарных правоў і свабодаў, уключаючы права на мірныя пратэсты. Таму ў сітуацыі, якая склалася, я вымушаны адмовіцца ад ордэна, якім вы мяне раней узнагародзілі. Мне сорамна насіць яго, бо гэта звязана з Вашым кіраваннем. Ваша "чорная" сіла — гэта Ваша велізарная слабасць. Людзі нараджаюцца для таго, каб іх любілі, а не прыніжалі, і, тым больш, калечылі", — заяўляе артыст.

Указ пра ўзнагароджанне Уладзіміра Співакова ордэнам Францішка Скарыны беларускі кіраўнік падпісаў у лютым 2014 года — незадоўга да 70-годдзя маэстра. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі