Расійскія казіно ідуць у Беларусь на разведку
Першай ластаўкай стала гульнёвая ўстанова, якая адчынілася ў цэнтры Мінску
Яшчэ на пачатку лета міжнародная аналітычная група падрыхтавала рэкамендацыі па развіцці ігральнага бізнэса для беларускага кіраўніцтва. Трэба было адказаць на пытанне, ці магчыма выкарыстаць закрыццё казіно ў Расіі і ва Ўкраіне, каб стварыць у Беларусі свае гульнёвыя зоны.
"Рэкамендацыі былі наступнымі: не рабіць гульнёвыя зоны ў вялікіх гарадах, не набіваць Мінск казіно, рабіць зоны лакальныя ў раёне аэрапортаў", — кажа аналітык Пётр Марцаў.
Гэта можа быць мінскі аэрапорт, віцебскі ці гомельскі.
Але каб пабудаваць інфраструктуру такіх зон, патрэбныя інвестыцыі, якія не можа забяспечыць сама дзяржава. Але і буйныя гульнёвыя кампаніі не хочуць інвеставаць, бо разумеюць, што на постсавецкай прасторы законы мяняюцца, і не гарантуюць, што не зменяцца правілы гульні, лічыць Марцаў.
Міжнародны холдынг Storm International ("Шторм Інтэрнэшнл") першым адкрыў казіно ў Беларусі пасля забароны ў Расіі. Адкрыццё казіно "Шангрі Ла" ў Мінску — гэта своеасаблівая маркетынгавая выведка.
"Мы адкрылі адно казіно і будзем глядзець, як будзе сябе паводзіць рынак, як будуць ісці справы. Нашая стратэгія не развіццё на тэрыторыі Беларусі, нашая стратэгія — развіццё на тэрыторыі ўсёй СНД", — распавёў Еўрарадыё дырэктар па сувязях з грамадскасцю кампаніі "Шторм Інтэрнэшнл" Лаўрэнцій Губін.
Але інвеставаць у буйныя комплексы, кажа ён, зараз небяспечна. Напрыклад, праект комплексаў побач з аэрапортам "Мінск-2" дастаткова спрэчны. Ён у асноўным базуецца на забароне гульнёвага бізнэса ў нашых суседзяў. Праект вельмі дарагі і маштабны, разлічаны на доўгую перспектыву. Тут узнікае пытанне, наколькі доўга пратрымаецца забарона ў Расіі і ва Ўкраіне. Калі яе адменяць у будучыні, то такія буйныя маштабныя комплексы могуць застацца незапатрабаванымі.
Многія бізнэсмэны лічаць, што забароны ў Расіі і Ўкраіне ў бліжэйшай будучыні могуць адмяніць. Тады казіно каля беларускага аэрапорта будуць пуставаць.
Але, паводле слоў Пятра Марцава, асноўныя прадстаўнікі расійскага і ўкраінскага гульнёвага бізнэса кажуць, што калі будзе пабудаваная інфраструктура, то яны гатовыя арэндаваць цэнтры ў аэрапортах пад свае казіно.
Цяпер жа бізнэсмэны ўкладаюць грошы ў Балгарыю, Румынію, Венгрыю ці Чэхію. Кампанія "Шторм Інтэрнэшнл" адкрыла два гады таму казіно ў сталіцы Арменіі Ерэване і ў сталіцы Кіргізіі Бішкеку ў гатэлі "Хаят". Зараз плануецца адкрыццё шэрагу казіно ў сталіцах былых краінаў Савецкага Саюза.
Карацей, Беларусь не стаіць пакуль у прыярытэтах. Але перш за ўсё гэта звязана з адсутнасцю закона, кажа Пётр Марцаў.
Заканадаўства мусіць быць добра прапрацавана і спрыяць развіццю гульнёвага бізнэса. Тады ў Беларусі ёсць шанец стварыць свае Макао ці Монтэ-Карла — пакуль не ачуняла расійскае і ўкраінскае кіраўніцтва. Але гэта залежыць ад дзеянняў урада.
Вельмі цікава тое, што кампаніі не хочуць інвеставаць у расійскія ігральныя зоны, на што вельмі разлічвала тамтэйшае кіраўніцтва, кажа Пётр Марцаў.
"Яны разлічвалі, што кампаніі будуць інвеставаць туды грошы. Але кампаніі ўжо не паверылі расійскаму кіраўніцтву. Бо ім доўгі час абяцалі, што з Масквы іх не выкінуць, а потым узялі і выкінулі".
Стварэнне ігральных зон — гэта не толькі фінансавая праблема, гэта яшчэ праблема даверу. Напрыклад, усё заканадаўства штата Невада напісанае пад Лас-Вегас. Яно пабудавана так, каб гульнёвы бізнэс развіваўся, а кампаніі маглі давяраць уладам.
Калі будаваць казіно ў вялікіх гарадах, з'яўляецца яшчэ праблема сацыяльная, кажа Пётр Марцаў.
"Справа не ў тым, што багатыя прайграюць грошы. Справа ў тым, што сярэдні клас, школьнікі і працоўныя прайграюць і падсаджваюцца на гэта. І справа нават не ў казіно, а ў аўтаматах. Мы ў сваёй запісцы папярэдзілі, што калі мы будзем развіваць гэта ў Мінску, то ў нас паўстане праблема Расіі і Ўкраіны. Там забаранілі казіно пасля таго, як атрымалі мільёны лістоў ад жонак сярэдніх бізнэсмэнаў, рабочых, якія крычалі аб тым, што іх мужы і дзеці прасаджваюць грошы".
Лаўрэнцій Губін пагаджаецца з тым, што вельмі хуткага і масавага развіцця гульнёвага бізнэсу не мусіць быць.
"Нейкае лавінападобнае развіццё гульнёвага бізнесу тут не патрэбна. Патрэбная залатая сярэдзіна, якая дазволіць дзяржаве атрымоўваць прыбыткі, але, з іншага боку, будзе ў балансе з запатрабаваннямі грамадства".
Ігральны бізнэс — гэта вялікія грошы для бюджэту краіны. Таксама развіццё турызма, калі прапаноўваць людзям не толькі пагуляць у рулетку, але і якасна адпачыць.
Аляксандр Лукашэнка загадаў распрацаваць самы лепшы ў Еўропе закон аб гульнёвым бізнэсе. Зараз існуе тры варыянты закона, але не ўсе яны падабаюцца бізнэсоўцам. Людзі, якія прыходзяць у казіно, не хочуць "свяціцца", таму радыкальны варыянт з моцным кантролем перашкодзіць развіццю бізнэса.
Лаўрэнцій Губін: "Адзін з такіх радыкальных — гэта стварэнне білінгава-фіскальнай сістэмы, якая аб'яднае ўсе гульнёвыя ўстановы ў адну сістэму маніторынга. Нават плануецца лімітаванне аб'ёма гульні для кожнага чалавека".
Але гэта жорсткі варыянт. Ёсць і нармальны, з патрабаваннямі да плошчаў казіно, колькасці і якасці абсталявання і мінімальных выплатаў падаткаў.
Таму пакуль бізнэс чакае закона. А ад яго ўсё будзе залежаць. Бо ў Беларусі, кажа эксперт Пётр Марцаў, ўжо ёсць досвед стварэння свабодных эканамічных зон, правілы гульні ў якіх ужо шмат разоў мянялі, ды й зоны ад гэтага так і не сталі сапраўды свабоднымі.
А каб патрапіць у казіно "Шангрі Ла" у Мінску трэба мець мінімум 5 тысяч долараў. Бо гэта мінімальная сума абмена грошай на фішкі. Мінімальныя стаўкі на рулетку там 25 долараў, у картачныя гульні - 200 долараў. Пры тым, што ў іншых мінскіх казіно такія стаўкі па 1 і 5 долараў.
Фота: orangesmile.com