Расклад святочных набажэнстваў у Мінску
Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч познім вечарам 24 снежня правядзе калядную імшу ў мінскім архікафедральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі на плошчы Свабоды.
Тэлетрансляцыя імшы пачнецца ў 21.45 на тэлеканале "Беларусь 1", паведамляе партал catholic.by. У 23.45 пачнецца трансляцыя набажэнства ў Ватыкане з удзелам Папы Францішка.
Калядныя імшы пройдуць сёння вечарам ва ўсіх каталіцкіх храмах і прыходах сталіцы. У касцёле Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) набажэнствы праходзяць на працягу ўсяго дня напярэдадні Божага Нараджэння. У 20.00 тут прагучыць імша на беларускай мове, а ў 22.00 — на польскай.
Набажэнствы ў касцёле Прасвятой Тройцы на Залатой Горцы (касцёл Святога Роха) і касцёле Узвышэння святога крыжа (Кальварыя) пачнуцца ў 21.00, у прыходзе Святых Яна Евангеліста і Максіміліяна Кольбе — у 21.00 і 23.00, а ў прыходзе Найсвяцейшай Панны Марыі памочніцы хрысціян — у 21.00 і 24.00.
Набажэнствы ў прыходзе Божага Цела ў мікрараёне Ангарская пройдуць у 22.00 і 24.00, у прыходзе Святых апосталаў Пятра і Паўла і святога Эжэна дэ Мазена (мікрараён Зялёны Луг-3) — у 23.00, а ў прыходзе Святога Яна Хрысціцеля (мікрараён Серабранка) — у 20.30 і 24.00.
Святочныя імшы ў мінскіх каталіцкіх храмах будуць доўжыцца ўвесь дзень 25 снежня.
Фота: БЕЛТА