Раўкоў: У бліжэйшыя два гады беларускае войска атрымае сучасную ракетную тэхніку
На працягу 2016-2017 гадоў беларускае войска атрымае сучасную ракетную тэхніку і больш сучасныя ракетныя комплексы. Гэта адбудзецца ў мэтах выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы па стварэнні айчыннага ракетабудавання, паведаміў міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў у інтэрв'ю праграме "Арсенал" тэлекампаніі "ВаенТБ".
Паводле яго слоў, "цяпер адзначаецца станоўчая дынаміка ў вырашэнні пытання аб прыняцці на ўзбраенне новай рэактыўнай сістэмы залпавага агню "Паланэз" (яна страляе на 200 км).
Міністр абароны заявіў, што "адной з прыярытэтных задач развіцця Узброеных сілаў з'яўляецца павышэнне якасных характарыстык ўзораў ваеннай тэхнікі, што стаіць на ўзбраенні". Гэта і мадэрнізацыя наяўных узораў ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, так і закупка новай, "больш дасканалай".
Паводле слоў Раўкова, за апошнія пяць гадоў ВПС і войскамі СПА праведзена і працягваецца вялікая праца, вынікам якой ужо сталі закупка і прыняцце на ўзбраенне сучаснага зенітнага ракетнага комплексу "Тор-М2" у складзе дывізіёна, закупка найноўшых самалётаў Як-130, а таксама закупка чатырох зенітных ракетных дывізіёнаў С-300ПС у межах ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з Расіяй.
У найбліжэйшай перспектыве — абнаўленне парка авіяцыйнай тэхнікі, зенітных ракетных і радыётэхнічных войскаў. "Гэта будзе адбывацца як у межах двухбаковага ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з Расіяй — закупка самалётаў Су-30, Як-130, ЗРК "Тор-М2", так і за кошт вытворчых магутнасцей айчыннага ваенна-прамысловага комплексу — закупка радыёлакацыйных станцый новага пакалення, апаратуры комплекснай абароны лятальных апаратаў ад высокадакладнай зброі, мадэрнізацыя ўзораў тэхнікі, што стаіць на ўзбраенні", — цытуе словы генерал-лейтэнанта Андрэя Раўкова БелаПАН.
Фота: БЕЛТА