890 тысяч беларусаў “сядзяць” і ў Facebook, і ў “вКонтакте”

120510 Svjardlou Soc.mp3

Інтэрнэтам сёння карыстаецца крыху больш за палову беларусаў. З гэтых 4,3 мільёнаў толькі 30% не зарэгістраваныя ў сацыяльных медыя. 62% “сядзяць” у адной з дзвюх сацыяльных сетак: больш дарослыя ― у Facebook, малодшыя ― “вКонтакте”.

Як даведалася Еўрарадыё, 890 тысяч беларусаў зарэгістраваліся і там, і там! Апошнія паўгода расійская сацыяльная сетка выйграе барацьбу ў свайго амерыканскага прататыпа:

“За паўгода аўдыторыя ВК павялічылася практычна на 400 тысяч чалавек. У параўнанні з тым жа FB, у якім у кастрычніку было 1 мільён 145 тысяч беларусаў, а ў лютым стала 1 мільён 115 тысяч”, ― распавядае кіраўнік праекта Gemius Belarus Міхаіл Дарашэвіч.

Па звестках рэсурса www.socialbakers.com, у Егіпце 62% ад усіх карыстальнікаў інтэрнэта сядзяць у “Фэйсбуку”. У Беларусі ў FB і “вКонтакте” ― роўна столькі ж! Тым не менш, ніякай сацыяльных зменаў праз сацыяльныя сеткі ў беларусаў дасягнуць не атрымалася. Міхаіл Дарашэвіч пагаджаецца, што роля інтэрнэта ў каляровых рэвалюцыях істотна перабольшаная.

Найбольш дынамічна з беларускіх новых медыя развіваецца Твітар. Па ацэнках экспертаў, год таму ў #twiby было 17 тысяч. А сёння…

“Памер аўдыторыі Твітара ў Беларусі ― 339 тысяч чалавек. Гэта 8% ахопу беларускай інтэрнэт-аўдыторыі”, ― працягвае Міхаіл Дарашэвіч.

Твітар ― у кожнага 27-га беларуса. І 57% беларускіх карыстальнікаў Твітара ― жанчыны!

Амаль палова (49%) карыстальнікаў #twiby жыве ў сем’ях з дваіх чалавек. Калі ў сям’і з’яўляецца дзіця ― Твітар адразу закідваюць, колькасць твітаранаўтаў скарачаецца да 18%. А ў Facebook сітуацыя цалкам супрацьлеглая! Маладыя сем’і ― 29% карыстальнікаў FB, сем’і з адным дзіцём ― 32%.

А вось беларуская сацсетка “вСети.by”, якая да Новага года збіралася выйсці на 1 мільён карыстальнікаў, забуксавала:

“Мы зрабілі штучны тормаз. Было як: раней рэгістраваліся ў нас без пацвярджэння. Я мог проста ўвесці якую-небудзь лухту замест e-mail, які-небудзь пароль ― і ўсё, у мяне ёсць акаунт, і я магу рабіць цуды! Было шмат фэйкаў, мы шмат вычысцілі. І зрабілі рэгістрацыю з абавязковым пацвярджэннем праз тэлефон ці e-mail. Тэмпы запаволіліся, але не нашмат. Зараз у нас 980 тысяч. Думаю, летам будзе 1 мільён”, ― распавядае адзін з сазаснавальнікаў “вСети.by” Аляксей Савік.

Яшчэ адзін аўтсайдар байнэта ― Livejournal. Сёння ён нагадвае закінуты востраў, на якім яшчэ зусім нядаўна жылі людзі.

Міхаіл Дарашэвіч: “Маё суб’ектыўнае меркаванне ― так, ён павольна памірае. Калі раней я заходзіў пачытаць сваю фрэнд-стужку 3-4 разы на дзень, дык сёння мне дастаткова аднаго разу. Пры гэтым ахоп “Жывога журнала” істотна не змяншаецца. Як і раней, ім карыстаецца 16-18% ад беларусаў, у якіх ёсць інтэрнэт”.

Феномен байнэта ― перапляценне сацыяльных медыя паміж сабой. Амаль 90% карыстальнікаў Твітара сядзяць “вКонтакте”, амаль 3/4 твітаран вядуць хронікі на “Фэйсбуку”. Спасылкі на цікавае відэа, якімі беларусы абменьваюцца ў Твітары, фіксуюцца ў іншых сацыяльных сетках. Дарэчы, Міхаіл Дарашэвіч раіць не засяроджвацца на FB ды ВК, а звярнуць увагу на новыя медыя, якія толькі набіраюць вагу.

“Расце такая латвійская сацыяльная сетка ask.fm. Гэта мне нагадвае дзённічкі з дзяцінства. Нехта піша ўверсе на паперцы якое-небудзь пытанне і запускае па класе, каб кожны адказаў. Гэтая сацыяльная сетка вельмі моладзевая, у Беларусі ў ёй шмат карыстальнікаў не з Мінска. І яна мае добрую дынаміку росту”.

Фота: sanya-sim.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі