У байнэце жанчын упершыню стала больш за мужчын

Еўрарадыё гутарыць з кіраўніком кампаніі "Геміус-Беларусь" Міхаілам Дарашэвічам, які прэзентуе вынікі новага даследвання беларускай інтэрнэт-аўдыторыі.


"Беларускі інтэрнэт вырас на 17 адсоткаў за год. І тут вельмі важнымі становяцца сайты, якія растуць хутчэй, чым 17 адсоткаў за год. Гэта значыць, яны раслі хутчэй за рынак. Такіх дастаткова шмат. Гэта яшчэ не афіцыйныя дадзеныя, але магу сказаць, што "Онлайнер" у 2012 годзе ўжо перайшоў псіхалагічную мяжу, яго штомесячная аўдыторыя перавысіла 1 мільён", — распавядае Міхаіл Дарашэвіч.


Тлумачыцца гэта вельмі проста: акрамя таго, што вырасла колькасць карыстальнікаў, людзі сталі больш часу праводзіць у Сеціве. Пры гэтым жанчыны абагналі мужчын. Цяпер у інтэрнэце 51 адсотак карыстальнікаў жаночага полу.


"Яўных перавагаў паміж жанчынамі і мужчынамі ў гэтым Топ-11 няма. Ну, зразумела, што, напрыклад, на "Онлайнеры" больш сядзяць мужчыны, аўдыторыя "Аднакласнікаў" больш жаночая", — гаворыць Міхаіл Дарашэвіч.

У параўнанні з летам, напрыканцы 2011 года стала больш карыстальнікаў, старэйшых за 55 год, — амаль на 1 адсотак. Перавагу гэтыя людзі аддаюць такім сайтам, як "Яндэкс" і mail.ru.


"Я думаю, што людзі старэйшыя даведваюцца пра іх, праз іншыя, больш традыцыйныя каналы — газеты, расійскае тэлебачанне. Людзі старэйшыя прыходзяць у інтэрнэт па практычную інфармацыю, для забаваў яны карыстаюцца тэлебачаннем. А моладзь больш кантактуе і забаўляецца ў інтэрнэце і сацсетках".


Самы малады сайт — "ВКонтакте": амаль 50 адсоткаў карыстальнікаў да 24 гадоў. Самая "дарослая" аўдыторыя — у "Аднакласнікаў": тут амаль 40 адсоткаў людзей старэйшых за 35 і толькі 20 адсоткаў моладзі.


Найбольшую папулярнасць па-за сталіцай маюць мясцовыя рэсурсы і расійскія сайты. Беларускім парталам трэба больш працаваць з рэгіёнамі, гаворыць Дарашэвіч.


"У рэгіёнах моцная пазіцыя расійскіх рэсурсаў — навінных рэсурсаў, сэрвісаў і парталаў. У рэгіёнах ведаюць пра мясцовыя сайты і расійскія. Гэта значыць, што беларускія сайты, якія хочуць мець вялікі нацыянальны ахоп, мусяць больш працаваць з рэгіёнамі".


А самыя "мінскія" — "Онлайнер", "Tut.by", Facebook і "Вікіпедыя". Але агульная доля сталіцы сярод беларускай інтэрнэт-аўдыторыі зніжаецца.

"Лідарам па ўзроўні адукацыі з'яўляецца "Tut.by". Яго больш чытаюць мінчане з вышэйшай адукацыяй. З іншага боку — у "Вікіпедыі" дастаткова высокі ўзровень адукацыі. Але ў яе і самая вялікая доля людзей з няскончанай вышэйшай адукацыяй: 20 адсоткаў — студэнты".


У новым даследаванні атрымалася даведацца беларускую аўдыторыю Youtube і Rutube. Апошні мае невялікі ахоп: усяго каля 7 адсоткаў карыстальнікаў — прыблізна 300 тысяч чалавек. Youtube нечакана аказаўся вельмі папулярным: ён мае ахоп каля 1,5 мільёна карыстальнікаў. А леташнім снежням больш за 400 тысяч беларусаў шукалі гатэлі праз booking.com.


"Цікава было даведацца, што booking.com меў у снежні 10 адсоткаў ахопу. Гэта паказвае, што ў інтэрнэце найбольш актыўная, адукаваная частка насельніцтва — з грашыма. Яго вялікая аўдыторыя ў снежні паказвае, што людзі хацелі ехаць адпачываць і самі шукалі найбольш аптымальнае рашэнне па кошце адпачынку".

Крыніца: Gemius, gemiusAudience, снежань 2011 года

Таксама прапануем вашай увазе дадзеныя за жнівень 2011 года, для параўнання:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі