Інтэрнэт-аўдыторыя вырасла на 7%, а мабільны трафік у 2,5 раза
Што адметнага было ў беларускім інтэрнэце ў 2013 годзе і чаго чакаць далей?
Аўдыторыя беларускага інтэрнэта за год павялічылася на 7%, у наступным годзе рост будзе яшчэ меншы, таму гэта шмат, адзначае кіраўнік праекта Gemius Belarus Міхаіл Дарашэвіч.
"У 2013 годзе прычын для росту асабліва не было. Інтэрнэт не станавіўся таннейшым, не было масавых праграм адукацыі па карыстанні камп'ютарам. Год быў дастаткова спакойны".
Самая вялікая аўдыторыя ў беларускім інтэрнэце была у сакавіку 2012, калі на краіну абрынуўся "Хаўер", і інтэрнэт стаў сродкам сувязі для людзей, якія прасілі ці прапаноўвалі дапамогу.
"Актыўная частка аўдыторыі — гэта людзі 25-34, іх каля 30%, яны шмат часу праводзяць і вельмі актыўныя. Пазітыўна, што павялічылася група 55-74. У студзені іх было 6,91%, у лістападзе стала 8,6%. Але хацелася, каб яны былі больш актыўнымі".
Топ-10 сайтаў па ахопе не змяняўся апошнія 3 гады. Ідзе канкурэнтная барацьба, але паміж сталымі гульцамі.
"Стала больш важна глядзець не на месячныя аўдыторыі, а на дзённыя. Лідары па месячных праглядах — mail.ru i google, а па дзённым адназначна "Укантакце". У некаторых сайтаў людзі прыходзяць раз на месяц, а ў іншых некалькі разоў на дзень".
У белнэце шмат месца засталося для нішавых сайтаў. А сам інтэрнэт па колькасці аўдыторыі ўжо дагнаў ТБ. Але пакуль уступае па колькасці праведзенага часу.
"Нічога асабліва выбітнага сёлета не адбылося", — лічыць заснавальнік TUT.by Юрый Зісер. — "Акрамя 2 рэчаў: вырас мабільны інтэрнэт. Людзі на вачах пачынаюць абзаводзіцца мабільнымі гаджатамі. Доля мабільнага трафіку на некаторых праектах tut.by перавышае чвэрць. А ўсярэднім яго доля павялічылася ў 2,5 разы. Таксама гэтай восенню сталі модным трэндам смарт-гадзіннікі".
Калі не лічыць заявы пра намер увесці ліцэнзаванне інтэрнэт-смі, сёлета было ціха. Не было і нейкіх заўважных для абывацеля зрухаў у распрацоўцы Электроннага ўрада. Асноўнае чакаецца акурат у 2014 годзе.
"Павінен быць прыняты указ, які мусіць увесці у эксплуатацыю партал дзяржпаслуг. Цяпер заканадаўства настолькі жорсткае, што нават імя і прозвішча з'яўляюцца асабістай інфармацыяй, таму партал не можа запрацаваць напоўную. Другое, гэта абавязковы лічбавы подпіс, якога няма, кажуць, што будзе ў 2016 годзе. Тады кожнаму выдадуць па картачцы — будзем чакаць лепшых часоў".
Трошкі статыстыкі: у 2013 годзе зарэгістравалі 36350 даменаў, на даменах, якія прадавалі з аўкцыёна, зарабілі трохі больш за мільярд рублёў, гэтыя грошы аддадуць дзіцячым дамам. Агульная колькасць даменаў у зоне "by" амаль дасягнула 100 тысяч. Новых сайтаў з'явілася каля 65 тысяч. А знешні інтэрнэт-шлюз пашырылі да 450 Гбіт/c. Еўрарадыё даведалася, што у Беларусі інтэрнэт хутчэй, чым у Егіпце але павольней чым у Тайландзе.
Прыгожыя дамены, якія даўно захапілі кіберсквотары, так і не атрымалася вярнуць у продаж. А ў новым годзе чакаецца з'яўленне кірылічнай даменнай зоны "бел".
Таксама ў гэтым годзе з'явіўся Нацыянальны CERT, а Еўрарадыё пагутарыла пра "чорныя" спісы сайтаў з першым намеснікам кіраўніка Аператыўна-аналітычнага цэнтра.