Беларускі электронны ўрад будзе падобны на карэйскі?
Эстонская мадэль не вельмі блізкая нашай цэнтралізаванай дзяржаве.
Дэлегацыя з Паўднёвай Карэі каторы дзень тусіць у Мінску. Спачатку яны сустрэліся з памочнікам прэзідэнта Усеваладам Янчэўскім, цяпер сустракаюцца з чыноўнікамі, ацэньваюць, што зроблена ў межах "Электроннага ўрада". Чаму менавіта Карэя?
"У рэйтынгу ААН яны ўжо два разы запар лідары сярод 193 краінаў. Таму яны сабе дазваляюць трошкі вучыць іншых, а з іншага боку, вопыт сапраўды пазітыўны", — тлумачаць Еўрарадыё ў Мінсувязі.
З гэтым не зусім пагаджаецца намеснік рэдактара сайта e-gov.by Зміцер Гаўрусік. На яго думку, карэйскі вопыт абраны не выпадкова.
Зміцер Гаўрусік: "Карэйская мадэль пабудовы электроннага ўрада блізкая нашай дзяржаве. Гэта цэнтралізаваны падыход, калі дзяржава сама вызначае прыярытэты, праграму і выконвае яе".
У цэнтралізаваным падыходзе дзяржава з'яўляецца замоўцам і часткова выканаўцам усіх працэдур. Іншы прыклад — калі далучаюцца прыватныя кампаніі, як у Эстоніі. Электронны ўрад каштуе грошай, ён патрабуе уліванняў з боку дзяржавы.
Эстонцы пайшлі па іншым шляху, яны прыцягнулі прыватны бізнес. Бізнес удзельнічае у працэсе пабудовы "Электроннага ўрада", а потым мае свой прыбытак.
"Адны любяць больш эстонскі вопыт, іншыя — карэйскі. Пры тым, што ў краіне дастаткова спецыялістаў. І мы ведаем, што развіццё электронных сэрвісаў у нас адбываецца", — адзначае кіраўнік праекта e-belarus.org Міхаіл Дарашэвіч.
На яго думку, разумна было б вывучаць сусветны вопыт, у тым ліку і карэйскі, але браць аптымальныя рашэнні для Беларусі.
Хто яшчэ ў лідарах рэйтынгу ААН: Нідэрланды, Вялікабрытанія, Данія, ЗША, Францыя, Грэцыя, Нарвегія, Фінляндыя ідуць адразу за Карэяй.
"Англія і ЗША шмат ініцыятываў робяць па ўзаемадзеянні грамадзян з урадам", — кажа Міхаіл Дарашэвіч.
У Беларусі даступна каля 100 электронных паслуг, створаная інфраструктура, дзяржаўныя інфармацыйныя рэсурсы, цэнтр электронных паслуг. Але не хапае фокусу менавіта на спажыўцоў — асобных грамадзян, лічыць Зміцер Гаўрусік.
"Інфармацыя пра паслугі не распаўсюджваецца. Не шмат народу ведае, якія паслугі зараз ёсць. На партале дзяржпаслуг некаторыя спасылкі нават не працоўныя".
Згодна з патрабаваннямі Еўракамісіі, павінна быць 25 сэрвісаў для грамадзян праз інтэрнет. Але не дастаткова проста скапіраваць іх, гэта не "Электронны ўрад". У Беларусі сёння можна адзначыць некалькі пазітыўных прыкладаў электронных сэрвісаў, адзначае Міхаіл Дарашэвіч. У першую чаргу гэта адкрытыя дадзеныя, карысныя для грамадства і бізнеса: кадастры, рэестры, аўкцыёны, дзяржаўныя тэндары. Менавіта праз тэндары стала вядома, якія службовыя аўтамабілі закупляюць беларускія чыноўнікі. У выніку з’явіўся прэзідэнцкі ўказ, які абмежаваў кошты.
У бюджэце на 2013 год на электронны ўра выдаткоўваецца 11 мільярдаў рублёў.