Хто ў Беларусі карыстаецца інтэрнэтам?
Еўрарадыё разам з кіраўніком кампаніі "Геміус-Беларусь" Міхаілам Дарашэвічам склала партрэт беларускага інтэрнэт-карыстальніка і яго густы.
Еўрарадыё: Якая сёння беларуская інтэрнэт-аўдыторыя?
Міхаіл Дарашэвіч: Яна разнастайная, вельмі шмат моладзі, людзей актыўных. Хацелася, каб было больш людзей дарослых. І не толькі тых, хто звязаны з інтэрнэтам, тэлекамунікацыямі, СМІ.
Еўрарадыё: Калі паспрабаваць намаляваць вобраз сённяшняга інтэрнэт-карыстальніка — хто ён па адукацыі? Мужчына ці жанчына? Якога ўзросту?
Міхаіл Дарашэвіч: 33 працэнты беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў жывуць у Мінску і больш актыўныя за жыхароў іншых гарадоў і сельскай мясцовасці.
Я б лічыў больш правільным глядзець профілі людзей, якія карыстаюцца навіннымі сайтамі ці сацыяльнымі сеткамі. У байнэце 51% мужчын, яны больш актыўныя, праглядаюць больш старонак і праводзяць больш часу ў інтэрнэце. Калі глядзець па ўзросце, то, напрыклад, групы 15-18 гадоў і 19-24 гады складаюць каля 37% ад усіх карыстальнікаў. Найбольш актыўная група — 25-34 гады, іх 28%, але яны робяць 34% праглядаў і праводзяць 33% часу ў сеціве. Напэўна, мы можам іх назваць маладымі спецыялістамі. Людзей 55 год і больш толькі 4,5%.
Еўрарадыё: Летась вы казалі, што ў нашых суседзяў больш пенсіянераў карыстаюцца інтэрнэтам, чым у нас. У чым прычына?
Міхаіл Дарашэвіч: Думаю, што інтэрнэт у нас часта ўспрымаўся, як гульня ці забава. Людзі ўзросту 25-34 выраслі з інтэрнэтам і не ўяўляюць сябе без яго. Я думаю, 95% усёй моладзі Беларусі карыстаецца інтэрнэтам. Сапраўды, у нашых суседзяў, у Літве, Латвіі і Польшчы, больш за 9% карыстальнікаў — старэйшыя за 55 год. Гэта ў 3 разы болей, чым у нас. Для таго, каб людзі старэйшыя за 55 год, якія ўсё жыццё пражылі з радыё і тэлебачаннем, пачалі карыстацца інтэрнэтам, там павінны быць не толькі забаўляльныя і навінныя рэсурсы, але і рэсурсы, якія карысныя, з нейкімі паслугамі. Нейкія сэрвісы для грамадзян ці ўрадавыя паслугі.
У Літве аналіз якасці малака робіцца ў адным месцы ў Коўне. Прычым сертыфікацыя прыходзіць па пошце праз тыдзень, а вынікі ў інтэрнэце даступныя на наступны дзень. Гэта прывяло да таго, што бабулі і фермеры, у якіх няма камп’ютараў, ішлі ў пункт грамадскага карыстання, каб паглядзець вынікі. Ім паказвалі, як карыстацца гэтым сэрвісам і, магчыма, яны там пра нешта яшчэ даведваліся.
Літоўская інтэрнэт-аўдыторыя
Еўрарадыё: Вы казалі, што ў Беларусі 34% карыстальнікаў са сталіцы. Калі параўнаць з іншымі краінамі, як там склалася сітуацыя?
Міхаіл Дарашэвіч: Тут узнікае вельмі цікавая сувязь. Лічыцца, што ў нас вялікая колькасць карыстальнікаў — людзі з вышэйшай адукацыяй. У нас такіх 34%.
Напрыклад, ва Украіне такіх 44%. У Беларусі 33% — гэта карыстальнікі з Мінска, ва Украіне — 30% карыстальнікі з Кіева. У Латвіі сітуацыя такая, што там вельмі вялікая Рыга, адносна ўсёй краіны. Таму там каля 40% карыстальнікаў са сталіцы. Але там больш за 11% людзей з сельскай мясцовасці.
У Польшчы сітуацыя аказваецца вельмі цікавай. Там 32% — з сельскай мясцовасці, і толькі 14% — з гарадоў больш за 500 тысяч. І ў Польшчы толькі 19% карыстальнікаў людзі з вышэйшай адукацыяй. У сельскай мясцовасці людзей з вышэйшай адукацыяй менш, чым у сталіцах.
Тое, што ў Беларусі такая сталіца-цэнтрычная аўдыторыя, паказвае, што існуе лічбавая няроўнасць.
Латвійская інтэрнэт-аўдыторыя
Польская інтэрнэт-аўдыторыя
Еўрарадыё: Што праглядаюць беларускія карыстальнікі, у чым іх інтарэсы адрозніваюцца ад суседзяў?
Міхаіл Дарашэвіч: Я заўважыў такую асаблівасць, якой не вельмі задаволены. Высветлілася, што ў Беларусі толькі 4 рэсурсы, у якіх ахоп больш за 50% аўдыторыі. Гэта лідар tut.by. З тых, каго мы ведаем і даследуем, — гэта Google і "Яндэкс". Паміж 30% і 50% знаходзіцца папулярны ў моладзі "ВКонтакте". 30% мае сайт “Аднакласнікі”. І з ўзроўнем толькі 21% ідзе наступны беларускі сайт "Онлайнер". Паміж сайтамі з ахопам 50% і 30% існуе такі разрыў.
Чаму мы кажам ахоп? Так традыцыйна склалася, што на радыё і тэлебачанні рэкламадаўцаў цікавіць ахоп. Перад тым, як распавесці пра цудоўную аўдыторыю сайта, яго зацікавіць ахоп, каб дасягнуць сваіх бізнэс-мэтаў.
Калі параўнаць з Літвой, то там, аказваецца, ёсць лідар Delfi як нацыянальны партал. Але далей ідуць усе навінныя сайты, парталы і літоўскія сацыяльныя сеткі. Яны маюць ахоп больш за 30%. Гэта значыць, што рэкламадаўца заўсёды ведае, што 10 любымі сайтамі ён дасягне 80% ахопу і ахоп будзе. Далей яму становіцца ўжо больш важна ведаць мэтавую аўдыторыю. Гэта больш таргетыраваная, больш дакладная аўдыторыя. У беларускіх навінных сайтаў яна традыцыйна звычайная: мужчыны 35-44 год, прычым жанатыя! Яны заўсёды больш навінаў спажываюць. З вышэйшай адукацыяй, з Мінска і сярэднім узроўнем даходу.
Еўрарадыё: Чым карыстаюцца беларусы і праз што ўваходзяць у інтэрнэт?
Міхаіл Дарашэвіч: Тут ёсць такая беларуская асаблівасць. У Беларусі вельмі папулярны браўзер Opera: тут больш за 50% карыстальнікаў Opera. Такога ў ніводнай краіне больш няма. Прычыны гучаць самыя разнастайныя. Гавораць і пра бяспеку. Я думаю, што людзі адзін аднаму расказваюць, тут спрацоўвае сарафаннае радыё.
Цікавая рэч адбылася ў верасні. Гуглаўскі Chrome апярэдзіў Microsoft Explorer. Прычым гэта сапраўды адрозніваецца ад усяго рэгіёна, дзе працуе кампанія Gemius. Лідарства з вясны 2011 года ў Firefox, а другім усё адно застаецца Explorer.
З пункту гледжання мабільных прыладаў — іх колькасць расце. Усе аператары запусцілі 3G, што прывяло да павелічэння колькасці людзей, якія карыстаюцца інтэрнэтам праз мабільны. Адны з самых папулярных прыладаў — гэта iPad i iPhone. Не самыя распаўсюджаныя і не так шырока прадаваныя рэчы, як тыя, што прапануюць аператары. Але з нашых лічбаў відаць, што намаганні аператараў становяцца бачнымі. Напрыклад, мадэлі смартфонаў, якія яны прапануюць карыстальнікам, з’яўляюцца часцей.
У Беларусі лідарам сярод аперацыйных сістэм па-ранейшаму з'яўляецца ХР, але расце і Windows 7.
Браўзеры ў Беларусі, ніжэй — аглядальнікі, папулярныя ў іншых краінах, якія даследвае "Геміус".
Еўрарадыё: Адкуль людзі ў Беларусі ўваходзяць у інтэрнэт? З дому ці з працы?
Міхаіл Дарашэвіч: Паводле нашых лічбаў, людзі часцей за ўсё карыстаюцца інтэрнэтам з дому. Але тут ёсць сур'ёзны момант, які ўладальнікам рэсурсаў трэба ведаць і з пункту гледжання канкурэнцыі з тэлебачаннем. Людзі карыстаюцца рознымі сайтамі ў розны час. Умоўна кажучы, самы актыўны пік навінных рэсурсаў 10 раніцы — 2 гадзіны дня. Напрыклад, у “Аднакласнікаў” роўны дзень і пік у 9 вечара. Калі ўсе справы зробленыя, усе накормленыя і спаць укладзеныя.
Інтэрв'ю зробленае для праграмы "Форум Беларусь"на Еўрарадыё.
Нас можна слухаць у Брэсце на хвалях польскага "Radio dla Ciebie" 103,4 FM у суботу з 6 да 7 раніцы. 24 гадзіны на УКХ у Глыбокім, Паставах, Відзах і Міёрах на частаце 68,24 МГц. У Пінску на хвалях украінскага радыё "Мелодыя" 105,3 і 107,1 FM, а таксама праз спадарожнік HOTBIRD 6—13° на ўсход, частата 11200 МГц, вертыкальная палярызацыя, хуткасць патоку 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 5/6. ASTRA 4A—4,8° на ўсход, частата 12379.62 МГц, гарызантальная палярызацыя, хуткасць патока 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 3/4.
Беларусь — адзіная краіна ў свеце, дзе адбылося зніжэнне колькасці рэкламы
А ўзровень пранікнення ў нас, наадварот, павялічыўся: цяпер каля 3,8 мільёнаў карыстальнікаў
Ахоп аўдыторыі літоўскімі сайтамі
Ахоп аўдыторыі латвійскімі сайтамі
Ахоп аўдыторыі польскімі сайтамі
Украінская інтэрнэт-аўдыторыя
Ахоп аўдыторыі ўкраінскімі сайтамі
Інтэрв'ю зробленае для праграмы "Форум Беларусь"на Еўрарадыё.
Нас можна слухаць у Брэсце на хвалях польскага "Radio dla Ciebie" 103,4 FM у суботу з 6 да 7 раніцы. 24 гадзіны на УКХ у Глыбокім, Паставах, Відзах і Міёрах на частаце 68,24 МГц. У Пінску на хвалях украінскага радыё "Мелодыя" 105,3 і 107,1 FM, а таксама праз спадарожнік HOTBIRD 6—13° на ўсход, частата 11200 МГц, вертыкальная палярызацыя, хуткасць патоку 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 5/6. ASTRA 4A—4,8° на ўсход, частата 12379.62 МГц, гарызантальная палярызацыя, хуткасць патока 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 3/4.