Амаль 4 мільёны беларусаў карыстаюцца інтэрнэтам штодня

Інтэрнэтам у Беларусі карыстаюцца 4,85 мільёна чалавек, гэта паводле дадзеных Gemius Belarus за жнівень 2013 года. У параўнанні з 2010 годам карыстальнікаў стала больш на 51,7%, тады іх было 3,2 мільёна.

Каля траціны карыстальнікаў маюць узрост ад 25 да 34 гадоў, людзей ва ўзросце 55-70 гадоў стала 7,2%, гэта каля 350 тысяч чалавек. Па дадзеных Белстата людзей за 55 год у Беларусі 1,5 мільёна.

Карыстальнікаў інтэрнэта з Мінска 29%, але пазітыўны момант у тым, што ў 2009 годзе іх было больш за 35%, адзначае кіраўнік Gemius Belarus Міхаіл Дарашэвіч. А гэта значыць, што інтэрнэт ідзе ў рэгіёны.

Амаль 60% аўдыторыі зарабляе менш за 250 долараў за месяц. Толькі каля 24% маюць даход вышэйшы за 400 долараў. На гэтым фоне вельмі выбіваецца Мінск: тут жыве палова карыстальнікаў, якія зарабляюць больш за 600 долараў.

Шырокапалосным інтэрнэтам карыстаюцца 68%. Большасць з іх выходзіць у інтэрнэт з дому. Цікавы факт, што са школы ці ўніверсітэта ў сеціва выходзяць каля 7% карыстальнікаў.

Па-ранейшаму лідарамі па ахопе аўдыторыі з'яўляюцца tut.by, onliner.by, mail.ru i yandex.by: іх наведвае каля 90% беларусаў, якія карыстаюцца інтэрнэтам. У 2010 годзе іх ахоп быў каля 70%.

Сацыяльныя сеткі моцна абганяюць сайты навінаў. Калі першыя маюць агулам 72%, то навінныя рэсурсы — толькі 45%.

Павялічылася доля сэрвісаў з відэа — у іх палова аўдыторыі. Сайты з надвор'ем праглядае каля 30%, а ахоп аўтамабільных парталаў каля 27%, і гэта больш за наведвальнасць Facebook у Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі