Актывісты БХД загітавалі БРСМацаў да байкоту выбараў
Акцыя набыла такі нечаканы ракурс вельмі выпадкова.
15 верасня ля Камароўскага рынку праходзіў чарговы пікет Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі за байкот парламенцкіх выбараў, калі нечакана там пачалі збірацца брсмаўцы ў куртках "Белай Русі".
Таксама да рынку прыехалі дзяржаўныя тэлевізіёншчыкі ды прадстаўнікі ўладаў. Верагодней за ўсё, там здымалі “пастановачны” сюжэт для БТ, адзначае прэс-служба БХД.
Разам з тым хрысціянскія дэмакраты скарысталіся сітуацыяй і раздалі ўдзельнікам перадвыбарчага пікету байкотныя ўлёткі. Як прызналіся брсмаўцы, самі яны не збіраюцца ўдзельнічаць у выбарах, бо не бачаць у гэтым сэнсу, а на пікет жа прыйшлі па загадзе. Свае курткі ад "Белай Русі" яны патлумачылі проста: што далі — тое і апранулі.
А 14.00 да Камароўскага рынку прыйшлі прадстаўнікі Аб'яднанай грамадзянскай партыі, разам з якімі актывісты БХД зладзілі сумесны пікет салідарнасці з палітвязнямі.