Анархіст Мікола Дзядок заявіў у судзе пра ціск з боку следства
Актывісты анархісцкага руху Максім Веткін і Яўген Селівончык часткова прызналі сваю віну. Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок і Аляксандр Францкевіч віну не прызнаюць
Мікалай Дзядок у зале суда заявіў, што следства аказвала на яго ціск. Па яго словах, падчас знаходжання пад вартай яго неаднаразова выводзілі ў пакой для допытаў. Там з ім вялі гутаркі супрацоўнікі КДБ без прысутнасці адваката і без фіксацыі гэтых гутарак.
Пры гэтым Дзядку пагражалі вялікімі турэмнымі тэрмінамі, больш жорсткімі ўмовамі ўтрымання ды іншымі непрыемнасцямі. Усё гэта рабілася з мэтай атрымаць у яго прызнавальныя паказанні.
Таксама Дзядок адзначыў, што па яго справе затрымалі вельмі шмат людзей, якіх змушалі агаворваць яго, інфармуе БелаПАН.
Працэс над пяцю анархістамі пачаўся 18 траўня ў судзе Заводскага раёна Мінску. У прыватнасці, іх вінавацяць у несанкцыяванай антываеннай акцыі каля будынка Міністэрства абароны Беларусі (у 2009 годзе). Таксама яны нібыта закідвалі "кактэйлем Молатава" расійскую амбасаду ў Мінску Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна (у 2010 годзе). Анархістам таксама выставілі абвінавачанне ў нападах на іншыя будынкі — закідванне фаерамі сталічнага казіно "Шангры Ла" і будынка Федэрацыі прафсаюзаў. Францкевіча таксама вінавацяць у хакерскім падломе сайта Наваполацкага гарвыканкаму.
Усім ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.