Бутрын, “Ъ”: Цана зніжкі на газ для Беларусі — 15 капеек

Зніжка для Беларусі можа дасягнуць 100 долараў на кожнай тысячы кубоў, але нават з ёй цана застанецца на ўзроўні 2010 года. Пра гэта кажа Еўрарадыё старшыня нафтагазавага сектара "Інстытута энергетыкі і фінансаў" Уладзімір Рэвянкоў.


Уладзімір Рэвянкоў: "Я кажу пра зніжку 100 і больш долараў… Цяпер у доўгатэрміновых кантрактах на Еўропу газ каштуе 445-450 долараў за тысячу кубаметраў. Калі мы аднімем транспартныя выдаткі (40-50 долараў), то раўнаважнай экспартнай цаной будзе 400 долараў. Мінус мытныя пошліны (30% ад экспартнай цаны) — гэта роўна 120 долараў. Калі ад 400 адняць 120 — гэта будзе 280 долараў".


Такім чынам, цана на газ для Беларусі будзе роўная сярэднееўрапейскай. Мінус мытныя пошліны і транзіт.
Пра тое, што цэны будуць зніжацца, Еўрарадыё кажа і загадчык аддзела эканамічнай палітыкі выдання “Коммерсантъ” Дзмітрый Бутрын.


Дзмітрый Бутрын: "Калі цэны на нафту падаюць, то чаму б і газу не падаць… Лаг — 9 месяцаў. Лічыце самі... Натуральна, цэны будуць ніжэйшыя за сёлетнія. Але цана пытання — 15 капеек…"


Пасля прымянення "інтэграцыйнага" каэфіцыенту цана на газ можа скласці 288 долараў. Пра гэта заяўляе старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце Аляксандр Антоненка. Гэта амаль такая ж цана, як і сёння.


Як вядома, у першым квартале 2011 года Беларусь плаціла 223 долары, у другім — 244. Кантрактная цана расійскага газу ў трэцім квартале склала 279 долараў за тысячу кубаметраў.


Якім жа будзе паніжаючы “інтэграцыйны” каэфіцыент, пра які так часта ўзгадваюць сёння? Старшыня нафтагазавага сектара "Інстытута энергетыкі і фінансаў" Уладзімір Рэвянкоў выкарыстоўвае простую формулу.


Уладзімір Рэвянкоў: "Калі мы 280 падзелім на 450 (цану ў Еўропе) — гэта будзе 0,62. А калі 280 падзелім на роўнадаходную цану 400 — 0,7".


Атрымліваецца, што "інтэграцыйны" каэфіцыент будзе амаль такім, як і ў 2008 годзе. Нагадаем, у 2008, 2009 і 2010 гадах дзейнічаў паніжаючы каэфіцыент у 0,67, 0,8 і 0,9 ад еўрапейскай цаны.


Велічыня паніжаючага каэфіцыента можа залежыць і ад набыцця "Газпромам" 50% акцый "Белтрансгаза".


Уладзімір Рэвянкоў: "Часам такія рэчы звязаныя з пытаннямі прадастаўлення крэдыту, набыццём актываў, абменам нейкіх актываў адной краіны на актывы іншай. І ўсё гэта можа ўлічвацца ў паніжаючых каэфіцыентах… Таму, калі будзе рэалізаваная нейкая здзелка па набыцці актываў, то, магчыма, людзі, якія ўдзельнічаюць у перамоўных працэсах, перагледзяць гэтую лічбу".


У прэс-службе "Газпрома" Еўрарадыё паведамілі, што перамовы — у працэсе, таму інфармацыі наконт цаны расійскага газу для Беларусі “пакуль няма”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі