Дзіянаў: Тое, што адбылося ў Маскве – іншая гісторыя, іншы час, іншы рэжым

Еўрарадыё пісала пра тое, што ў інтэрнэце з'явіўся дакумент, датаваны 1975 годам, прысвечаны "маўкліваму" пратэсту савецкіх дысідэнтаў. З гэтай нагоды мы патэлефанавалі адміністратару суполкі "вКонтакте" "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" Вячаславу Дзіянаву.

Еўрарадыё: Вячаслаў, ці ведалі вы, што вы ня першы маўчун у гісторыі?


Дзіянаў: “Насамрэч, акцыі ў такім фармаце, як у нас – гэта ўпершыню. А гісторый пра тое, як людзі супраціўляліся моўчкі, было вельмі шмат”.

Еўрарадыё: а як вы думаеце, што больш эфектыўна: пляскаць у далоні ці здымаць капелюшы?


Дзіянаў: “Я думаю, што пляскаць у далоні лепш”.

Еўрарадыё: Я нагадаю гэтую гісторыю: дысідэнты выйшлі на Пушкінскую плошчу ў Маскве, знялі капелюшы. І самае цікавае, што іх не затрымалі. Гэта было ў Савецкім Саюзе. Вас не здзіўляюць затрыманні падчас цяперашніх акцый?


Дзіянаў: “Чаму тут здзіўляцца? Каманда, якая ажыццяўляе затрыманні падчас "маўклівых" акцыяў у Беларусі - злачынцы. І яны не хаваюць гэтага, яны дзейнічаюць жорстка. Тое, што адбылося Маскве – гэта іншая гісторыя, іншы час і іншы рэжым”.

Еўрарадыё: Здаецца, усё ж такі ён быў больш жорсткім, таталітарная сістэма...


Дзіянаў: “Так, але ў нашым выпадку рэжым Лукашэнкі бачыць, чым гэта для яго можа скончыцца. Яны ж таксама вучацца на памылках”.

Еўрарадыё: Прыкладна траціна апытаных у суполцы "вКонтакте" выказваеца за тое, каб агрэсіўна супраціўляцца асобам у цывільным, якія затрымоўваюць. Як вы ставіцеся да гэтага? Можа сапраўды варта ўступіць у барацьбу не толькі праз інтэрнэт?


Дзіянаў: “Маё меркаванне такое ж, як у большасці нашых карыстальнікаў – што ў дадзеным выпадку ня трэба супраціўляцца міліцыі”.

Еўрарадыё: Ці вы што-небудзь прыдумалі супраць тролінгу ў "Твітэры" падчас маўклівых акцый?


Дзіянаў: “Прынамсі "вКонтакте" пытанне вырашанае, там сядзяць мадэратары, якія стараюцца максімальна мадэраваць "троляў". Зараз вырашаем пытаньне для "Твітэра". Ёсць пэўныя ідэі і, думаю, з цягам часу даведаемся, як яны запрацуюць. Пакуль не хачу раскрываць карты”.

Еўрарадыё: Днямі журналіст Віктар Марціновіч напісаў, што рэвалюцыя не мусіць быць персаніфікаванай. Калі б можна было пачаць спачатку, ці зрабілі б вы зараз кампанію маўклівых пратэстаў ананімнай?


Дзіянаў: “На гэты конт у нас была дыскусія на "Радыё "Свабода", адкуль і пайшла гэтая інфармацыя. Там і выказаўся Марціновіч. Ёсць запіс гэтай дыскусіі, дзе я адказаў на гэтую яго заяву – што персаніфікацыя адбылася ад самага пачатку акцый. Яшчэ першага чэрвеня мне пазванілі. Я не з’явіўся пазней, як ён сцвярджае – што пасля аднекуль узяліся арганізатары. І яшчэ, я паўсюль падкрэсліваў, ва ўсіх інтэрв’ю, што я не каардынатар і не кіраўнік пратэстаў. Я адміністратар адпаведнай групы “вКонтакте”.

Еўрарадыё: Сёння перад мінскім гарвыканканам дзяўчына разгарнула плакат з надпісам ШОС. Гэта быў фальстарт?


Дзіянаў: “Насамрэч я ня ведаю, што гэта за дзяўчына”.

Еўрарадыё: Яе завуць Наталля Прадзед, яна з супольнасці гееў і лесбіянак.


Дзіянаў: “Ведаеце чаму яе так хутка забралі? Я магу вам адказаць, гэта вельмі лёгка: бо там былі журналісты. Калі б адна дзяўчына выйшла з плакатам ШОС, яе б так хутка не забралі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі