Эксперт: Няхай сталіца будзе або ў Астане, або ў Мінску — але не ў Маскве

111121 Nasta Kazahi.mp3

У пятніцу ў Маскве прэзідэнты Расіі, Беларусі і Казахстана падпісалі дэкларацыю аб еўразійскай эканамічнай інтэграцыі. Пры гэтым прэзідэнт Казахстана заявіў, што расійскі рубель не можа стаць валютай Еўразійскага Саюза. На што прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка нечакана заявіў, што не супраць увядзення расійскай валюты ў якасці адзінай.


“У Беларусі трошкі іншая эканамічная сітуацыя, — каментуе паводзіны прэзідэнтаў дырэктар цэнтра палітычнага аналізу Казахстана Султан Акімбекаў, — калі Лукашэнка кажа, што ён гатовы перайсці да рубля, то мы ж усе ведаем пра цяжкасці, якія былі ў апошні час з беларускім рублём. Таму для Беларусі атрымаць адзіную валюту, напэўна, было б выгадна ў гэтай сітуацыі”.


Для Казахстана пытанне пра суверэнітэт мае большае значэнне, кажа палітолаг. Тым больш, што казахстанскі тэнге — “адна з самых моцных валют на нашай прасторы”.


Султан Акімбекаў: “Курс расійскага рубля можа вагацца  на 20% за кароткі час. У той час як тэнге практычна знаходзіцца ў прывязцы да амерыканскага долара і такі сур’ёзных ваганняў у яго няма”.


Еўрарадыё: “То бок вы кажаце пра тое, што ў дадзенай сітуацыі для Казахстана больш важна захаваць суверэнітэт, чым для Беларусі?”


Султан Акімбекаў: “Я б так не казаў, але ў валютным пытанні для Беларусі, безумоўна, было б выгадна атрымаць магчымасць доступу да расійскага рубля. Мы разумеем валютныя праблемы Беларусі. У Беларусі ёсць праблемы з гандлёвым балансам краіны. У Казахстана такіх праблемаў няма…”.


Акрамя агульнай валюты, гаворка ішла таксама пра сталіцу Еўразійскага Саюза. Назарбаеў прапанаваў размясціць яе ў Астане. Намеснік дырэктара Казахстанскага інстытута стратэгічных даследаванняў пры прэзідэнце Рэспублікі Казахстан Леся Каратаева лічыць, што гэта не спроба пацягнуць на сябе коўдру.


Леся Каратаева: “Гаворка не ідзе абсалютна пра тое, каб пацягнуць коўдру на сябе! Знешняя палітыка нашай дзяржавы яскрава паказвае, што мы нідзе не збіраемся сябе выпінаць, а, наадварот, працуем на агульны вынік. З усіх краінаў чыста геаграфічна еўразійскімі з’яўляюцца дзве дзяржавы — гэта Расія і Казахстан, якія маюць і еўрапейскую, і азіяцкую тэрыторыю”.


Паводле словаў Лесі Каратаевай, размяшчэнне сталіцы ў Астане зняло б шэраг пытанняў, якія цяпер ідуць з Захаду.


Леся Каратаева: “Там ізноў пачынаюць казаць, што вось, Расія ізноў аб’ядноўвае пад сабой сваіх былых сатэлітаў… І мне падаецца, што размяшчэнне сталіцы ў Астане дапамагло б зняць шэраг пытанняў нявернага тлумачэння. Гаворка не ідзе пра тое, што Расія падмінае пад сябе постсавецкую прастору або рэалізуе свае вялікаімперскія настроі і будзе несці нейкую пагрозу, у тым ліку і Захаду”.


Дырэктар Цэнтра палітычнага аналізу Султан Акімбекаў кажа, што не важна, дзе будзе знаходзіцца цэнтр — у Астане або ў Мінску. Галоўнае, каб не ў Маскве. І прыводзіць у прыклад Еўрапейскі Саюз.


Султан Акімбекаў: “У Еўрапейскім саюзе сталіца не знаходзіцца ні ў Берліне, ні ў Парыжы, якія з’яўляюцца ключавымі краінамі… Усё ж такі там вельмі сур’ёзная ўвага малым краінам. Таму я думаю, што калі б сталіца была дазволеная не толькі ў Астане, няхай яна размесціцца ў Мінску, але каб яна была размешчаная не ў Маскве — то гэта б прадэманстравала, што фактар раўнапраўя і суверэнітэту застаецца, што тут не ідзе гаворкі пра паглынанне казахстанскай эканомікі больш магутнай Расіяй”.


Заўважым, што напрыканцы Назарбаеў прапанаваў змяніць працоўную назву “Еўразійскі Саюз” на больш аморфную “Еўразійскую інтэграцыю”. Што, напэўна, сведчыць пра тое, што тут усё не так гладка, як пішуць шматлікія СМІ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі