Кастусёў: Маўклівая рэвалюцыя не мае зместу, але 29 чэрвеня я далучуся

Еўрарадыё: Не так даўно вы выказалі думку, што “рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі” не мае сэнсу. Чаму?


Кастусёў: “Я не казаў, што ў ёй няма сэнсу. Я казаў, што без палітычнай афарбоўкі, без палітычнага напаўнення не будзе эфекту. Асабіста я падтрымліваю гэтыя акцыі. Партыя БНФ таксама выказваецца пра іх станоўча. Але неабходна наяўнасць палітычнага кантэнту. Толькі ў такім выпадку такія пратэсты будуць мець лагічнае завяршэнне і сэнс”.


Еўрарадыё: Вы жадаеце, каб гэтыя акцыі праходзілі праз ўзгадненне з партыяй БНФ?


Кастусёў: “Не абавязкова праз узгадненне, але мы выступаем за тое, каб удзельнікі такіх акцый дзейнічалі сумесна з палітычнымі партыямі. Нажаль, некаторыя пратэстоўцы адмаўляюцца выстаўляць палітычныя прэтэнзіі. Нас, у першую чаргу, хвалююць палітычныя каштоўнасці, пра якія мы ўвесь час кажам, і мы б прапанавалі вынесці на акцыі палітычныя пытанні. Гэта эканамічная і палітычная незалежнасць краіны, інтэграцыя Беларусі з Еўропай, развіццё культуры і захаванне мовы”.


Еўрарадыё: Але ж ніхто не забараняе вам ладзіць паралельныя акцыі. Чаму партыя БНФ не праводзіць іх?


Кастусёў: “Нельга сказаць, што мы нічога не робім. Зараз мы спрабуем данесці да насельніцтва сваю пазіцыю. Тое, што робяць удзельнікі “маўклівых рэвалюцый”, безумоўна, добра, але гэтая інфармацыя не выходзіць з інтэрнэта. Нажаль, не адбываецца колькаснага ўзросту людзей, якія пра гэтыя акцыі даведваюцца. Да людзей з рэгіёнаў, да простых рабочых інфармацыя пра гэтыя акцыі даходзіць вельмі слаба, альбо зусім не даходзіць.”


Еўрарадыё: Вы не думаеце, што беларусы стаміліся ад палітыкі і больш за ўсё іх хвалююць сацыяльныя пытанні?


Кастусёў: “У кожным рэгіёне ёсць свае сацыяльныя праблемы, і мы праз асабістыя сустрэчы з людзьмі спрабуем гэтыя праблемы вырашаць. Мы ідзем да людзей з дапамогай тых сродкаў масавай інфармацыі, якія ім даступныя. Такая праца больш эфектыўная.”


Еўрарадыё: Я б не сказаў, што ўдзельнікаў “рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі” не хвалюе палітыка. Яны якраз выступаюць супраць Лукашэнкі, а не супраць падвышэння цэнаў. Але ў той жа ж час яны выступаюць і супраць апазіцыі. Можа таму вы незадаволены?


Кастусёў: “Я згодны, што пратэсты скіраваны супраць Лукашэнкі, але заўсёды, калі ёсць пазіцыя “супраць”, мусіць быць і пазіцыя “за”. З адной толькі пазіцыяй “супраць” немагчыма перамагчы. Акрамя крытыкі павінныя быць і канкрэтныя прапановы. Якраз іх і не хапае ў гэтых акцыях”.


Еўрарадыё: Але з кожнай акцыяй удзельнікаў становіцца ўсё больш. Як раз такога эфекту апазіцыйныя палітычныя сілы Беларусі дасягнуць не маглі.


Кастусёў: “Так, я згодны, што колькасць удзельнікаў на гэтым этапе  пашыраецца, я вельмі рады, што гэта так. Але я лічу, што асноўныя патрабаванні павінны быць палітычнымі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі