Кулінковіч: Алег верыў у тое, у што даўно ўжо ўсе перасталі верыць

Родныя і сябры, калегі-журналісты, палітыкі і грамадскія дзеячы, рэжысёры і музыканты прыйшлі сёння развітацца з журналістам Алегам Бябеніным. Паводле афіцыйнай высновы, ён скончыў жыццё самагубствам. Але ніхто з тых, хто прыйшоў сёння развітацца з Алегам, не верыў ў гэтую версію.



Згодна са словамі Наталлі Радзінай, Алег Бябенін быў вельмі запатрабаваным журналістам, і як у чалавека ў яго ўсё было добра.

Наталля Радзіна:
“Алег быў вельмі жыццярадасным чалавекам, вялікім прафесіяналам, запатрабаваным мужчынам і запатрабаваным журналістам. У сям’і ў яго было ўсё добра, ён быў асноўным сябрам каманды Андрэя Саннікава, ён быў вельмі патрэбны на працы напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Яго ўсе любілі і цанілі. Як чалавек у такім стане можа вырашыць скончыць жыццё самагубствам?! Таму ў версію МУС я не веру”.



З тым, што смерць Алега пакінула больш пытанняў, чым адказаў, згодная і намесніца галоўнага рэдактара “Народнай волі” Святлана Калінкіна. Яна адзначыла, што для дзеючай улады незалежныя СМІ заўсёды былі самым галоўным ворагам.

Святлана Калінкіна: “Цягам усёй кар’еры Аляксандра Лукашэнкі галоўным яго ворагам і самым моцным яго апанентам былі менавіта сродкі масавай інфармацыі. І ён гэтага ніколі не хаваў. Ніколі не было такога ціску на палітыкаў асабіста, на партыі, на арганізацыі, які быў на СМІ і журналістаў”.



Лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў лічыць, што праваахоўныя органы, гаворачы пра самазабойства Бябеніна, не прадставілі ніякіх доказаў, што гэта сапраўды так і што не мела месца забойства.

Уладзімір Някляеў: “Калі сёння праваахоўныя органы галаслоўна кажуць нам, што чалавек прыйшоў дахаты і без аніякіх прычын павесіўся, не жадаючы ніякіх доказаў таго, што не было інакш, што яго не забілі, я маю права ў гэта не паверыць. І ў мяне ўзнікае патрабаванне да іх: дакажыце мне, грамадзяніну гэтай краіны, што гэта не забойства. Прычым — не забойства палітычнае. Бо месца, дзе гэта адбылося, і час, калі гэта адбылося, не могуць не выклікаць у мяне падазрэння ў тым, што гэта не звязана з палітыкай, з выбарамі, з барацьбой за ўладу”.



Някляеў кажа, што даўно ведаў Алега і вельмі моцна сумняваецца ў тым, што журналіст здольны на тое, каб у адзіноце і без закускі выпіць дзве бутэлькі бальзаму.

Згодны з паэтам і даўні сябар і калега Алега па працы ў газеце “Имя” Зміцер Падбярэзскі.

Зміцер Падбярэзскі:
“Вельмі цяжка ў гэта паверыць. Гэтыя дзве бальзамаўскія пляшкі з Алегам ніяк не стасуюцца. Ён на ўсіх рэдакцыйных п’янках практычна ніколі нічога ў рот не браў. Гэта выключана. Нейкая дурная і тапорная работа — такое ў мяне ўражанне”.



Пра тое, што эксперты, якія далі заключэнне аб прычынах смерці, маглі памыляцца, кажа і Станіслаў Шушкевіч.

Станіслаў Шушкевіч: “Эксперты таксама могуць памыляцца. Гэта ў фільмах “Забойны аддзел” — там усё адразу зразумела і ўсе такія разумныя. Тут павінна быць следства. І я думаю, што пачатковая судова-медыцынская экспертыза зроблена, а ўжо на гэтай падставе будуць рабіць заключэнне сур’ёзныя эксперты”.



А старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна правяла паралелі паміж смерцю Алега Бябеніна і тым, як пайшлі з жыцця Зміцер Завадскі і Вераніка Чаркасава.

Жана Літвіна:
“Гэтыя еднасць і падабенства яшчэ і ў тым, што ізноў гэтыя пытанні: што адбылося? хто падштурхнуў? што было перад гэтай падзеяй? Як знайсці адказы на гэтыя пытанні? Я не ведаю пакуль. І пакуль мы не знойдзем гэтыя адказы, такія смерці будуць балючымі, нечаканымі і невытлумачальнымі”.



Невытлумачальнай гэтая смерць падаецца і лідэру гурта “Нейра Дзюбель” Аляксандру Кулінковічу. Ён сябраваў з Алегам, той не прапускаў амаль ніводны канцэрт “дзюбялёў”. Гэты чалавек, кажа Саша, не здольны на самагубства.

Аляксандр Кулінковіч: “Ні на імгненне не веру ў самагубства. Алег дастаткова мэтанакіраваны чалавек. Ён быў у добрым сэнсе гэтага слова "без вежы" — Алег верыў у тое, у што даўно ўжо ўсе верыць перасталі. Чалавек з такой пазіцыяй не мог такога здзейсніць”.



А лідэр руху “За свабоду" Аляксандр Мілінкевіч параіў шукаць тых, каму была выгодная смерць журналіста.

Аляксандр Мілінкевіч:
“Не магу прымірыцца з афіцыйнай версіяй, дый яна і не канчатковая. Нават вынікі ўскрыцця яшчэ невядомыя. Трэба пачакаць і трэба думаць — каму гэта выгадна”.



Як вядома Алег Бябенін мусіў увайсці ў выбарчы штаб лідэра “Еўрапейскай Беларусі” Андрэя Саннікава. Пакуль, кажа палітык, яны не ведаюць, ці здольны хто-небудзь замяніць Алега ў камандзе.

Андрэй Саннікаў: “Мы страцілі Алега Бябеніна — найвыдатнага чалавека, прафесіянала, найвыдатнага журналіста і арганізатара. Замяніць яго проста нельга. Я не хачу казаць, што і як у нас будзе. Я проста пра гэта не думаю. Ён шмат што зрабіў, што мы будзем выкарыстоўваць”.



Алега Бябеніна пахавалі 6 верасня на Ўсходніх могілках.



Фота і відэа Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі