Мастак — пра патэрн для Мінска: Гэта можа быць знакам любога горада

121210_martin_brend.mp3

Аблічча сталіцы — белыя лініі на блакітным фоне з слоганам “Think. Minsk” — на англійскай і “Минск. Интересно” — на рускай. Такі варыянт мінскай стылістыкі прапануе англійская кампанія “Instid”. Беларускі слоган пакуль не прыдумалі.

“На беларускай будзе. Але цяпер мы ў пошуку. "Think" — вельмі моцнае слова, якое дае гораду зарад на выраст. “Думай. Мінск” — каб першая асацыяцыя аб ім была інтэлектуальная эфектыўнасць. А на рускай “интересно” — гэта добрае слова для Мінска. Каб турысты ехалі сюды не паглядзець на прыгажосці, а таму што тут цікава”, — тлумачыць Еўрарадыё дырэктар па развіцці кампаніі “Instid” Аляксандр Гранд.

Белыя лініі на блакітным паказваюць інтэлігентнасць сталіцы, дадае Аляксандр.

Сталічныя мастакі і дызайнеры ацанілі стыль сталіцы неадназначна. Брэнд Мінска мусяць ствараць мінчукі, упэўнены мастак і дызайнер Міхаіл Анемпадыстаў. Прапанаваны брытанскай фірмай варыянт белых палосаў на блакітным фоне ён называе… адарваным ад горада.

Міхаіл Анемпадыстаў: “Гэта арнаментальна-візуальная частка пазбаўленая адзнакаў, якія б маглі хоць да нечага прывязаць. Гэта ці то мапа горада, ці то мікрасхема. Гэта ўсё адарванае, не мае прывязкі да горада. Гэты знак можа быць знакам любога горада, які звязаны з высокімі тэхналогіямі. Гэта брэнд гарадскіх уладаў, хутчэй за ўсё, як бы яны хацелі сябе бачыць”.

А найлепшы брэнд горада паўстае сам па сабе. Бо ніхто не прыдумваў, што Парыж — горад кахання, дадае Міхаіл Анемпадыстаў.

Акуратная дызайнерская штучка — гаворыць пра прапанаваную стылістыку пісьменнік і мастак Адам Глобус:

“Абранае бела-блакітнае злучэнне, якое адпавядае нашай сталіцы. У нас не хапае сонца, а гэта блакітнае неба, наогул каляровая гама добра падабраная. Добра, што гэта хвалюе людзей. А для мяне найбольш каштоўны герб Мінска — дзве рэчкі. Чым ікона з Божай Маці”.

Да стварэння брэнда падышлі прасунута, ацэньвае працу кіраўнік партала marketing.by Сяргей Скараход:

Інфармацыйна-турысцкі цэнтр "Мінск" тут пайшоў па прасунутым шляху: выдзелілі значны бюджэт, абвясцілі тэндар. Усё робіцца паводле сучасных тэхналогіяў. Бачна жаданне зрабіць добры прадукт”.

Дарэчы, прэзентаваны брытанцамі патэрн не канчатковы варыянт лога, а толькі прыклад, які будзе выкарыстоўвацца на заднім фоне.

“На яго зверху можна накласці фатаграфіі, выразкі з фатаграфій, боксы з тэкстам", — тлумачаць стваральнікі.

А канчатковы брэнд-пакет мусіць быць гатовы да канца году. Пачакаем.

Фота: facebook.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі