Міністэрства культуры: “З таго, што маем, і эканоміць няма чаго”

Месяц таму Аляксандр Лукашэнка загадаў скараціць ліміт паліва для машын чыноўнікаў. “Няхай ездзяць на роварах, тады, можа, пачнуць думаць”, — абураўся кіраўнік дзяржавы.

Дырэктар урадавага гаража Аляксандр Люндышаў кажа, што эканомія ідзе.

"Рашэнне было прынятае, яно і выконваецца. Выконваецца распараджэнне кіраўніка дзяржавы ў поўным аб'ёме…"


Яшчэ месяц таму супрацоўніца гаражу расказвала Еўрарадыё, што, магчыма, камусьці давядзецца сапраўды перасесці калі не на ровар, то на грамадскі транспарт дакладна.

А прэс-сакратар Міністэрства сельскай гаспадаркі аджартоўваецца — быццам супрацоўнікі ходзяць пешшу!

"Ага, пешшу ходзім. Есці перасталі, святлом карыстацца… Нічым не можам карыстацца… Еўрарадыё, у вас іншых праблемаў няма?"


У Міністэрстве лясной гаспадаркі кажуць, што эканомяць. Нядаўна нават правялі калегію па гэтым пытанні.

"У першым квартале эканамічны эфект склаў 768,7 мільёнаў рублёў. Выводзяцца з эксплуатацыі лямпы, паказчыкі энергаэфектыўнасці якіх ніжэй за вызначаныя стандарты…"


А вось Міністэрства сельскай гаспадаркі да эканоміі ставіцца скептычна.

Мінсельгасхарч: "Ну скажыце, калі вам на спадніцу патрэбны метр тканіны, а вы сказалі, што можна з паловы метра пашыць. Можна, канешне, але яна будзе выглядаць не па ўзросце — калі мне 40 гадоў, а спадніца на мне 17-ці гадовай дзяўчынкі. Ёсць нарматывы вытворчасці! Калі з аднаго кілаграму мукі можна зрабіць умоўна 5 кілаграмаў хлеба… На чым тут можна эканоміць?"


Міністэрству жыллёвай гаспадаркі зэканоміць не дазволіў крызіс. За гэты год тут планавалі ашчадзіць 50 мільярдаў на замяшчэнні газу мясцовымі відамі паліва. Але, згодна са словамі начальніка упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства ЖКГ Анатоля Шагуна, крызіс парушае гэтыя добрыя планы.

“У сувязі са значным змяненнем цаны на газ, гэта звязана і з дэвальвацыяй беларускага рубля, і з пэўнымі зменамі цаны на нафту на сусветным рынку, я сёння вам гэтую лічбу агучыць не магу…”


Міністэрства фінансаў кажа, што "эканоміць заўсёды", але пра падрабязнасці распавядаць не сталі.

Мінфін: "Міністэрства фінансаў эканоміць заўсёды. Напрыклад, бюджэтныя сродкі, якія ідуць на рамонт. А ўвогуле, такі матэрыял падрыхтаваць для вас нам будзе праблематычна".


Нават Мінспорта пачалі задумвацца пра эканомію.

Мінспорта: "Думаю, у нас кожны чалавек эканоміць. Нават калі і не моцна эканоміць, то, прынамсі, пачаў задумвацца, куды ён усё гэта выдаткоўвае..."


З тым жа пытаннем Еўрарадыё звярнулася і ў Міністэрства культуры. Там кажуць, што эканоміць няма з чаго…

Мінкульт: "Дык у нас, уласна, і не было грошай. З таго, што нам далі, і эканоміць няма чаго. Па такім мінімуме…".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі