Мінсктранс: Планаваць штраф — гэта як прыкінуць, колькі паслізнецца народу

120117 Nasta 6trafy.mp3

Калі ў бюджэце краіны ёсць графа “Штрафы”, лагічна, што планаваць штрафы павінны і на ніжэйшых узроўнях… Але там таксама цалкам лагічна тлумачаць Еўрарадыё, чаму гэтага не робяць.


Камітэт дзяржкантролю пытанне або вельмі здзіўляе, або пужае… Там рэагуюць надзвычай эмацыйна!


КДК: “Памілуйце! Што вы! Гэта ўвогуле… Не, не… Ніякіх планаў па штрафах не існуе!”.


У кантрольна-рэвізорскай службе “Мінсктрансу” таксама адмаўляюць планы па штрафах. Кажуць, што гэта тое ж самае, як спланаваць, колькі паслізнецца народу за месяц!


"Мінсктранс": “Якія тут могуць быць планы? Такога не бывае, мы зыходзім з іншага — нас цікавіць паўната аплаты праезда. Штраф — гэта адна з мераў. А наша цікавасць у тым, каб кожны пасажыр аплаціў паездку. І мы сваю працу будуем зыходзячы толькі з гэтага. А штраф — гэта другасна. Казаць пра планы на штрафы — гэта нават некарэктна, я так думаю”.


Такі ж адказ атрымлівае Еўрарадыё ад падатковай службы Мінска.


Падатковая інспекцыя: “Што вы! Гэта ўвогуле немагчыма рабіць! Адміністратыўная адказнасць і пеня ў тым ліку, залежыць ад таго, як спрацоўвае прадпрыемства. Груба кажучы — памылілася яно або не. А казаць пра тое, як сказаць, што ДАІ плануе ўзяць столькі-то штрафаў за тое, што няправільна перайшлі дарогу... Ні ў якім разе!”


Магчыма, у ДАІ ўсё ж такі сапраўды плануюць, колькі людзей няправільна пяройдзе дарогу? Але такое адчуванне, што яны насамрэч не разумеюць, пра што ідзе гаворка.


ДАІ: “Гэта на заводзе можна запланаваць колькасць вырабаў. А ў нас… Калі чалавек парушае, то значыць, ён парушае. Па факце. Як тут спланаваць? Напрыклад, за месяц павінна парушыць 200 чалавек… Гэта нерэальна. Калі выпускаюць канкрэтную прадукцыю — халадзільнікі, тэлевізары — завод плануе выпусціць 200 адзінак — гэта зразумела. Але каб ДАІ планавала 200 парушальнікаў… Ну… Гэта неяк…”


Эканаміст Сяргей Чалы кажа, што планаваць можна, галоўнае — як гэта рабіць.


Сяргей Чалы: “План плану не роўны… У кожным разе можна неяк прыкінуць, колькі можа быць сабрана, якія прыкладна будуць прыбыткі ў бюджэт. Прыкладна так жа, як планаваць падатковыя паступленні. Праблема пачынаецца тады, калі гэтыя планы пачынаюць даводзіць як кантрольныя паказчыкі — "чаму менш?" або "чаму не забяспечылі?"… Вось дзе асноўнае пытанне”.


Цікава, што ў бюджэце Расійскай Федэрацыі таксама ёсць графа “Штрафы”, а вось ва ўкраінскім бюджэце — няма. У непадатковых паступленнях там ёсць толькі графа "Іншыя непадатковыя паступленні".

“Гэта на заводзе можна запланаваць колькасць вырабаў. А ў нас… Калі чалавек парушае, то значыць, ён парушае. Па факце. Як тут спланаваць?"

У бюджэце Расійскай Федэрацыі таксама ёсць графа “Штрафы”, а вось ва ўкраінскім бюджэце — няма. У непадатковых паступленнях там ёсць толькі графа "Іншыя непадатковыя паступленні".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі