Стваральнікі брэнда: У 2050-м бела-блакітныя палосы будуць візіткай Мінска
“Такі сімвал шмат абяцае”, — мяркуе прадстаўнік Міністэрства замежных спраў.
“Галоўная якасць Мінска, якая аб’ектыўна ўласціва яго жыхарам і пры гэтым запатрабавана ў глабальным кантэксце — уменне аналізаваць, крытычна і нестандартна мысліць, знаходзіць практычнае ўвасабленне для тэарэтычных распрацовак. Гэта якасць абумоўлівае галоўную функцыю Мінска для свету і ключавую ідэю брэнда Мінска — горад інтэлекту”, — тлумачаць бела-блакітны вобраз Мінска распрацоўшчыкі брэнда з брытанскай кампаніі INSTID.
У 2050-м годзе з дапамогай такога брэнда Мінск стане “асобай”, фантазіруюць распрацоўшчыкі:
“Горад зажыў паўнавартасным жыццём у сваім унікальным і пазнавальным стылі. У Мінску стварылася свая традыцыя ў кухні, музыцы, архітэктуры. Бела-блакітныя палосы сталі візітнай карткай горада”.
Мінск — горад людзей, якія змаглі шмат чаго дасягнуць дзякуючы сваёй працы, — адразу кажа Еўрарадыё прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных. Бела-блакітны ўзор сталіцы яму падабаецца.
“Кампанія прыдумала цікавую гісторыю, якая будзе ўспрымацца замежнікамі. Мы мусім памятаць, што чалавецтва ўступае ў інфармацыйны век, постіндустрыяльнае грамадства. І тут канцэпцыя трапляе ў цэль. Мы надаем Мінску шматабяцаючае значэнне. А колер арганічны з гербам горада”, — мяркуе Андрэй Савіных.
Такі колер і ўзор быў папулярны ў Еўропе некалькі гадоў таму, разважае Ханэс з Берліна, які ўжо год жыве ў Мінску. Пры выглядзе такога сімвала ён прыгадвае дзіцячую вопратку ці рэкламу тэхнакратычнай выставы.
“Нагадвае нейкі часопіс для моладзі. Калі я гэта бачу, думаю пра выставу, тэхнафэст і з дзіцём, з дзіцячай вопраткай. А калі пачаць гуляцца з гэтымі палосамі, зусім не будзе зразумела, што гэта такое. Але, з іншага боку, колер падабаецца, бо ніколі не бачыў такіх блакітных нябёсаў, як у Мінску”, — гаворыць Ханэс.
І называе тры асацыяцыі з Мінскам: прастор, шмат зялёных насаджэнняў і арганічны ансамбль горада. Але пагаджаецца, што нейкага аднаго сімвала, які быў бы вядомы, у Мінска няма.
Нагадаем, яшчэ летась у чэрвені ўлады горада абвясцілі конкурс для распрацоўшчыкаў брэнда Мінска. Бюджэту ён мусіў абысціся ў 300 мільёнаў рублёў. Яго распрацоўкай занялася брытанская кампанія INSTID.
Пасля дэманстрацыі вынікаў першых даследаванняў утварылася альтэрнатыўная зборная па брэндзінгу Мінска, якая прапанавала да 40 варыянтаў для аблічча сталіцы. Сярод іх бібліятэка, QR-код у нацыянальным арнаменце ды інш.
Альтэрнатыўны брэнд Мінска: Азаранка абганяе Лукашэнку
Прыклады выкарыстання візуальнага стылю для Мінска:
Галоўнае фота: Прыклад рэкламы Мінска за мяжой ад распрацоўшчыкаў брэнда
Фота: brandminsk.by