Вольга Някляева: Мне дагэтуль не пацвердзілі, што муж знаходзіцца ў КДБ
Жонка кандыдата ў прэзідэнты Ўладзіміра Някляева ў панядзелак наведала Генпракуратуру і КДБ, але пра лёс мужа ёй зноў нічога не паведамілі.
У панядзелак зранку жонка кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева наведала Генпракуратуру і КДБ. Яна спрабуе даведацца, дзе знаходзіцца палітык і ў якім ён стане. Скаргу ў пракуратуруВольга Някляева падала яшчэ 24 снежня. Там ёй паабяцалі адказаць сёння. Але скаргу, паводле яе словаў, дагэтуль не разглядалі.
Вольга Някляева: “Яны яшчэ скаргу не разглядалі, нягледзячы на тое, што яна была пададзеная ў пятніцу. Сказалі падысці пасля абеду. Зараз яны яе канкрэтнаму выканаўцу перададуць. Увогуле, яны сказалі, што мая скарга вось толькі зараз рэгіструецца. Хаця ў пятніцу, калі я аддавала яе дзяжурнаму пракурору, мне сказалі, што яна ўжо тады была зарэгістравана”.
На думку Вольгі, у Генпракуратуры выдатна разумеюць сітуацыю. Ведаюць, што яна імкнецца як мага хутчэй даведацца пазіцыю Генпракуратуры наконт таго, што да Уладзіміра Някляева да гэтага часу не пусцілі адваката.
Разам з Вольгай у Генпракуратуру прыйшлі і сябры Уладзіміра Някляева — пісьменнікі. Яны прынеслі свой зварот да генеральнага пракурора, які падпісалі такія вядомыя асобы, як Уладзімір Арлоў, Валянцін Акудовіч, Сяргей Законнікаў, Уладзімір Колас ды іншыя.
Уладзімір Арлоў: “Гэта парушэнне ўсіх не толькі юрыдычных, але і гуманітарных норм. Мы ўрэшце хочам даведацца: жывы Уладзімір Пракопавіч ці мёртвы!”
Адразу з Генпракуратуры Вольга ў суправаджэнні журналістаў і больш як дзесятка людзей у цывільным з відэакамерамі накіравалася да КДБ. Туды яна таксама аднесла заяву з патрабаваннем тэрмінова дазволіць адвакату сустрэцца з Някляевым.
Вольга Някляева: “Там проста прынялі маю скаргу наконт таго, што не падаецца прававая абарона майму мужу і адвакат не можа з ім сустрэцца”.
Еўрарадыё: “У вас проста прынялі вашу скаргу і ўсё — больш нічога не сказалі?”
Вольга Някляева: “Не. Яны тут нічога не ведаюць — яны проста прымаюць заявы і ўсё”.
Згодна са словамі жанчыны, ёй да гэтага часу афіцыйна не пацвердзілі, што Уладзімір Някляеў знаходзіцца менавіта ў СІЗА КДБ.
Вольга Някляева: “У мяне да гэтага часу няма ніякіх звестак. І да гэтага часу мне ніхто афіцыйна не пацвердзіў, што ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Ніхто з супрацоўнікаў КДБ мне не патэлефанаваў, і не прыйшло ніякага паведамлення хаця б па пошце”.
Юрыст Раіса Міхайлоўская кажа, што на сённяшні дзень яна і яе калегі ўжо зрабілі ўсё магчымае. Застаецца чакаць альбо рэакцыі на іх скаргі, альбо калі скончыцца 10 дзён утрымання Някляева пад вартай. Менавіта тады яму, паводле закону, павінны ў прысутнасці адваката аб’явіць аб змене статуса.
Раіса Міхайлоўская: “З юрыдычнага пункту гледжання, адвакаты зрабілі ўсё магчымае — скаргаў напісана больш чым дастаткова. Адзінае — зараз застаецца чакаць, пакуль скончацца 10 дзён яго ўтрымання. Па заканчэнні гэтых 10 дзён яны павінны яму выставіць абвінавачанне альбо вызваліць, што малаверагодна. Такім чынам, да 30 чысла ў прысутнасці адвакатаў яму павінны выставіць абвінавачанне. Гэта тое, чаго мы пакуль можам чакаць. Ну, і адказаў на нашы скаргі”.
Калі ж, кажа Вольга Някляева, яе скаргі не дадуць станоўчага выніку, а па заканчэнні дзесяцідзённага ўтрымання пад вартай адвакату не дазволяць сустрэцца з Някляевым, яна будзе звяртацца ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. Хаця спадзяванняў, што яны здолеюць дапамагчы, не шмат.