Выбары ў спальным раёне: "Чаго я сюды прыйшоў? Пасядзець, выпіць і паесці!"

“У школах гарэлку прадаваць нельга, вось што я хачу сказаць. Таму што ўсе робяцца алкаголікамі”, ― нечакана вырывае ў мяне з рук мікрафон Андрэй, хлопец гадоў 25-ці ў класічных для мінскага “спальніка” трэніках і масцерцы.

З Андрэем і яго сябрамі мы сядзім за столікам імправізаванага буфета ў холе мінскай школы №206. Тут месціцца адразу некалькі выбарчых участкаў Ясенінскай акругі №100. Навокал гойсаюць бадзёрыя малінаўскія выбаршчыкі. Часам побач з вітрынай утвараецца чарга.

“Для каго свята, а для мяне працоўны дзень, ― кажа стомленая жанчына з-за прылаўка. ― Мне сёння яшчэ да восьмай тут працаваць…”

У асноўным людзі бяруць… булачкі! Але і аматараў спіртных напояў хапае. Кошты людскія, але не тое, каб нашмат танней, чым у краме. “Дык мы ж тут ад крамы і гандлюем, чаму мусіць быць танней?” ― здзіўляецца прадавачка.

Абвяргаю словы жанчыны на ўласным прыкладзе. Бяру бутэльку знаёмага каньяку: 74 тысячы на выбарчым участку супраць 99 тысяч у краме! Зараз дапішу рэпартаж і пайду вазьму пра запас… З бутэлькай падыходжу да століка, за якім адпачываюць двое маладых людзей спартовага выгляду. Побач з гарэлкай на стале хутка з’яўляецца мой каньяк, і языкі адразу развязваюцца.

Вось ён, сакрэт журналісцкіх поспехаў!

“Ну якія ў нас увогуле могуць быць у краіне перамены? У нас усё застанецца так, як было. А новы дэпутат ― гэта не значыць, што нейкія перамены будуць”, ― кажа адзін з хлопцаў.

Пытаюся, навошта ён тады прыйшоў галасаваць.

“Ну вось, гэта і я ў каго-небудзь іншага запытаўся б. Я прыйшоў, бо я грамадзянін Беларусі. У нас выбары дэпутатаў. Я прыйшоў і прагаласаваў. Але сэнсу я ніякага не бачу…”

“Гаў-гаў”, ― раптам перарывае гопнік з-пад правай рукі.

“Карацей, нічога не зменіцца”, ― дабівае сваю думку першы.

“Я вось не хадзіў на выбары, калі выбіралі прэзідэнта. І яго ўсё роўна выбралі, ― падхоплівае другі. ― Я таксама сэнсу хадзіць на выбары не бачу”.

Я вось не хадзіў на выбары, калі выбіралі прэзідэнта. І яго ўсё роўна выбралі

З цяжкасцю развітваюся з хлопцамі і падыходжу да буфета. Пытаюся ў жанчыны сталага ўзросту, што яна вынесе для сябе з выбарчага ўчастка.

“На буфет нават не паглядзела. Зараз няма дэфіцыту прадуктаў. Калі раней ― 20, 30 гадоў таму ― была ў гэтым неабходнасць, і гэта было, як свята, што можна было што-небудзь танней купіць ― дык зараз дэфіцыту няма, былі б грошы!” ― распавядае яна.

Падыходжу да століка, за якім сядзяць мужчына пенсійнага ўзросту з сынам і ўнучкай. У дарослых ― пластыкавыя стаканчыкі з гарэлкай.

“Вядома ў нас свята! Свята! Людзі выбіраюць сваю будучыню, вось і ўсё! Гэта ж свята, што яна, будучыня, выбіраецца. Як выберам, так і будзем жыць!” ― кажа пенсіянер. І раптам дадае: “Але ж ад мяне ж нічога не залежыць!”

Пенсіянер прагаласаваў за кандыдатку ад партыі “Справядлівы свет”. Галасаваць за яе вырашыў вось тут жа, не адыходзячы ад буфета. Кажа, што спадабалася яму, бо яны з жанчынай аднагодкі. Але літаральна праз хвіліну выдае ў сабе камуніста:

“Я б усіх прыраўняў. Бо вось, глядзіце, увесь час падвышаюцца заробкі. Але як падвышаюцца. Я, напрыклад, сярэднік. А вось заможны ― яму і заробак больш паднімуць, бо ад яго заробку 5% росту ― гэта не тое, што ад майго. А жабрак так і застанецца жабраком. Дзе справядлівасць? Пенсія ў мяне маленькая. Ну так такая ў мяне пасада была, так я зарабіў. А вось нехта больш зарабіў. Дык дайце яму менш прыбаўкі да пенсіі, а мне больш!”

Спачуваю пенсіянеру і кіруюся яшчэ да адной “парачкі”. Пустыя пластыкавыя стаканчыкі на стале выдаюць у іх добрых суразмоўцаў:

“Чаго я сюды прыйшоў? Пасядзець, выпіць і пакушаць. І з сябрам пагутарыць, вось і ўсё”, ― злёту агаломшвае мяне сівы, але яшчэ не стары мужчына. Што праўда, нават у яго ёсць патрабаванні да будучага дэпутата ад Ясенінскай акругі №100:

“Вось мяне, раз вы з Еўрарадыё, цікавіць: чаму ў Берліне трохпакаёвая кватэра каштуе 53 тысячы еўра, а ў Мінску ― 75 тысяч? Цэгла ў нас свая, цэмент свой, працоўная сіла свая. Усе матэрыялы свае. Чаму ў Берліне зарабляюць у 10 разоў больш, а кватэры каштуюць танней?”

Адказу на гэтае пытанне ў мяне няма. Можа, дэпутат, якога абяруць па Ясенінскай акрузе №100, за чатыры гады знойдзе адказ?

“Вось сяброўка маёй нявесткі кажа, што ў іх у школе лепш выбарчы ўчастак адбываецца. А мне і тут падабаецца”, ― распавядае Еўрарадыё жанчаны гадоў 50-ці. Перад ёй некалькі пірожных для ўнучкі. І, натуральна, бутэлька гарэлкі.

“А вы ведаеце, я на кошты не гляджу. Калі ўжо я галасаваць прыйшла, дык не гляджу”, ― запэўнівае яна. Але праз хвіліну пачытае скардзіцца... Якраз на кошты!

“Кошты… Ну я не ведаю… І заробкі б паболей… Бо я прыбіральшчыца. Мне складана жыць! А вы б ведалі, колькі зараз школа цягне! Вось у мяне ўнучка: абутак каштуе столькі ж, колькі абутак на дарослага. А вопратка дзіцячая дык нават і больш…”

Бедныя, бедныя людзі! Слухаў бы і слухаў пра іх праблемы. Але каньяку ў бутэльцы застаецца на донцы. Значыць, час вяртацца ў рэдакцыю і ўсяму свету распавядаць, як галасуюць у Ясенінскай выбарчай акрузе №100 у Малінаўцы. Горад Мінск, планета Зямля.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі