Родныя палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк падалі скаргу ў ААН
Паліна Шарэнда-Панасюк
Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын зарэгістраваў скаргу на сітуацыю з палітзняволенай Палінай Шарэндай-Панасюк. Скаргу ў ААН накіраваў муж Паліны Андрэй Шарэнда. Скласці дакумент дапамаглі юрысты-праваабаронцы. Аб гэтым піша рэсурс "Позірк".
Аўтары дакумента нагадваюць, што Паліна Шарэнда-Панасюк "неаднаразова скардзілася на бесчалавечнае абыходжанне і невыносныя ўмовы ўтрымання" ў СІЗА. Пасля вынясення прысуду яе змясцілі ў СІЗА і калонію камернага тыпу, "яна была змушаная насіць жоўтую бірку". Палітзняволеная падвяргаецца "дыскрымінацыі па прыкмеце полу", а таксама "бесчалавечнаму і прыніжаючаму годнасць абыходжанню".
"У яе не было доступу да сродкаў гігіены і цёплай вадзе, ёй даводзілася спаць на халоднай падлозе без пасцельнай бялізны і матраца, ёй блакавалі перапіску і не выдавалі неабходныя медыцынскія прэпараты,", — расказваюць аўтары звароту. Усё гэта магло прывесці да пагаршэння здароўя, у тым ліку рэпрадуктыўнага. "Той факт, што за Палінай і яе сукамерніцамі назіралі супрацоўнікі-мужчыны, якія мелі кругласутачны доступ да відэа і бачылі жанчын, пакуль тыя пераапраналіся і хадзілі ў прыбіральню, з’яўляецца неабгрунтаваным умяшаннем у іх асабістае жыццё і парушэннем іх правоў", — падкрэсліваецца ў дакуменце.
Аўтары скаргі просяць камітэт ААН "прызнаць, што Беларусь парушыла Канвенцыю аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын".
Нагадаем, у чэрвені 2021 года раённы суд Брэста прыгаварыў Шарэнда-Панасюк да двух гадоў пазбаўлення волі. Яе абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі, абразе прадстаўнікоў улады і гвалце у дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Ужо ў зняволенні адбыліся яшчэ два суды — "за непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы". Паліне павялічылі тэрмін пакарання. На адным з гэтых судоў жанчына расказала, што яе збівалі ў калоніі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.