Руслан Чарнецкі — новы міністр культуры Беларусі: ад аўтаслесара да чыноўніка

Руслан Чарнецкі

Руслан Чарнецкі / kino-teatr.ru

Беларускія ўлады сёння змянілі кіраўніка Міністэрства культуры. Замест Анатоля Маркевіча, які займаў пасаду з 19 лістапада 2020 года, месца заняў актор і дэпутат Руслан Чарнецкі, зрабіўшыся знакамітым дзякуючы сваёй публічнай падтрымцы Аляксандра Лукашэнкі ў 2020 годзе.

Еўрарадыё згадвае, чым адзначыўся новы міністр культуры.

 

Аўтаслесар, танцоўшчык вар’етэ і актор

Руслан Чарнецкі нарадзіўся ў Мінску ў 1981 годзе. У дзяцінстве будучы міністр цягнуўся да мастацтва — граў на гітары, наведваў тэатральную школу, танцаваў, гуляў у КВЗ. 

Але з вызначэннем свайго далейшага лёсу былі пытанні, таму бацькі настаялі, каб Руслан пасля школы паступіў у ПТВ, каб атрымаць тэхнічную адукацыю. Але ўжо на першым курсе Чарнецкі зразумеў, што прафесія аўтаслесара — не для яго. 

Руслан Чарнецкі — новы міністр культуры Беларусі: ад аўтаслесара да чыноўніка
Руслан Чарнецкі ў 2011 годзе / Вокладка часопіса "На экранах"

У гэты перыяд ён захапіўся бальнымі танцамі, актыўна ўдзельнічаў у конкурсах. Пазней у яго жыцці былі розныя этапы: служба ў войску, праца ахоўнікам, афіцыянтам і нават танцоўшчыкам вар'етэ ў Тайландзе.

У 2005 годзе Чарнецкі паступіў на завочнае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дзе яго кіраўніцай стала заслужаная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік. Паралельна ён наведваў курс рэжысуры ў Рыда Таліпава і пачаў актыўную працу ў Нацыянальным драматычным тэатры імя Горкага, дзе канчаткова знайшоў сваё прызванне. 

Удзельнічаў у пастаноўках такіх твораў, як “Трохграшовая опера” Бертольда Брэхта, “Сон на кургане” Янкі Купалы і “Валянцінаў дзень” Івана Вырыпаева.

Займаўся Чарнецкі і музыкай, выступаючы як гітарыст і вакаліст рок-гурта Pride, але пакінуў яго пасля запісу першых пяці песень, засяродзіўшыся на тэатры.

Ад герояў-палюбоўнікаў да гераічных амапаўцаў 

Вялікае месца ў творчай дзейнасці Чарнецкага займае праца ў кіно. За апошнія 18 гадоў ён паспеў зняцца ў больш як сотні серыяльных і кінапраектаў Беларусі, Расіі і Украіны. Прычым граў ва ўсім запар, асабліва не абцяжарваючы сябе выбарам роляў.

Пераважна гэта былі расійскія тэлефільмы і серыялы, дзе артыст граў следчых (“Перавага двух сланоў”, “Выйсці замуж любой цаной”, “Каханне, якога не было” і г. д.) і герояў-палюбоўнікаў (“Пластмасавая каралева”, “Панаехалі тут”, “Усё, што нам трэба” і г. д.).

Руслан Чарнецкі — новы міністр культуры Беларусі: ад аўтаслесара да чыноўніка
Руслан Чарнецкі і Наташа Алам у "Кодзе Каіна" / ААТ "Нонстоп Медиа"

Не цураўся новы міністр і ідэалагічных праектаў: “На іншым беразе”, “Сабака рыжы”, “Чорны замак”, “Купала”. Пераважна гэта былі эпізоды, але трапляліся і заўважныя ролі.

У блокбастары Уільма Дэвіталя “Код Каіна”, прысвечаным беларускім пратэстам 2010 года, Чарнецкі грае амапаўца, які павінен уратаваць Беларусь і ўвесь свет ад змовы каінітаў-братазабойцаў. 

А ў расійскім ваенным фільме “Зоя”, дзе міфалагізуецца вобраз дыверсанткі Зоі Касмадзям’янскай, выканаў ролю Артура Спрогіса — вайскоўца, які кіраваў школай савецкіх дыверсантаў.

Улюбёнец рэжыму

Кар’ера Чарнецкага пайшла ўгару ў 2020 годзе, калі артыст адкрыта падтрымаў рэжым Лукашэнкі. Вось што артыст расказваў у размове з кіраўніком тэлеканала АНТ Маратам Маркавым у 2023 годзе.

Руслан Чарнецкі — новы міністр культуры Беларусі: ад аўтаслесара да чыноўніка
Руслан Чарнецкі ў шоў АНТ "Нічога асабістага" / ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал"

“Безумоўна, не было ні секунды сумненняў [у тым, што ў 2020 годзе выбраў правільны бок]. Я вельмі даўно назіраю, аналізую ўсё, што адбываецца ў нас, усё, што адбываецца вакол <...>. На той момант, калі ў нас пачаліся ўсе гэтыя непрыемныя справы, я выдатна разумеў, што гэта, для чаго гэта і хто мае рацыю, а хто не мае рацыі ў гэтай сітуацыі. Таму сумневаў не было наогул ніякіх”.

За гэтую адданасць рэжым шчодра аддзячыў Чарнецкаму. Артыста запрашалі вядоўцам на канцэрт фестывалю “Купалле” ў Александрыю, госцем на шэраг ідэалагічных перадач на тэлебачанні, спяваць на “Славянскім базары”, “Марафоне адзінства” і канцэрце ў Аляксандраўскім скверы, дапамагаць у стварэнні кіна- і анімацыйных праектаў “Беларусьфільма”.

Акрамя заробкаў і ўвагі дзяржсСМІ, улада ўзнагародзіла актора і званнем “Заслужанага артыста” летам 2022 года, а сёлета ўзімку дала пасаду дэпутата Палаты прадстаўнікоў.

“Маё асабістае заўсёды тычыцца краіны. Я не аддзяляю сябе ад грамадства, краіны, народа: так было, ёсць і будзе. Натуральна, я бачу сябе ў сферы культуры — адкуль я выйшаў. Спадзяванні, жаданні, ініцыятывы нашых грамадзян, тое, чым яны жывуць — буду старацца аказваць дапамогу ва ўсіх магчымых сферах", — гаварыў артыст пасля абрання.

Галоўны па дзяржкінематографе

Цяпер Чарнецкага прызначылі кіраваць культурай на дзяржаўным узроўні з наказам ад Лукашэнкі навесці парадак у сферы дзяржсектара кіно.

Руслан Чарнецкі — новы міністр культуры Беларусі: ад аўтаслесара да чыноўніка
Руслан Чарнецкі у якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў / РУП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"

“Тое, што адбываецца ў нашым кінематографе, — гэта проста ганьба. Гэта недапушчальна. Мы скаціліся, мы сталі горш выглядаць да таго савецкага перыяду, калі надавалі сур'ёзную ўвагу кінематографу <...>. Звярніце на гэта самую сур'ёзную ўвагу”.

Але паколькі Лукашэнка не першы год і нават не першае дзесяцігоддзе патрабуе разабрацца з беларускім кіно, разлічваць на эфектыўнасць Чарнецкага не выпадае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі