Руся: Рок-н-рол сарамліва стаіць у баку і назірае за веліччу этнічнай музыкі!

Лідэрка гурта "Індыга" і рок-князёўна склала топ 5 беларускіх этна-дзяўчын, намалявала псіхалагічны партрэт фольк-выканаўцы, раскрыла сакрэт вырашэння сямейных канфліктаў  і прэзентавала Еўрарадыё свой новы праект “Акана- NHS”. ЕРБ: Руся, многія, хто чуе тваё імя побач з назвай “Акана”, чамусьці ўпэўненыя ў тым, што ты пачала ствараць індыйскую музыку. Давай звернемся да этымалогіі слова “акана”…

Руся: Не, нефіга гэта не індыйская музыка! Насамрэч, слова “акана” мае два сэнсы: па-першае, гэта возера, калі я не памыляюся, у Віцебскай вобласці, а па-другое, ва ўсходняй філасофіі “акана” – гэта сімвал жаноцкасці. То бок, у нашым гурце ўсё пасуе да “аканы”: тры жанчыны, пачатак для мяне і пачатак для тых дзяўчын, з якімі мы зараз спяваем… Нібыта кожная з нас пачынае… Літара “А” - першая літара, вельмі жаноцкая і фемінная, таму мне здаецца, што нам гэтая назва вельмі пасуе. .. Ёсць корм для сабачак з назвай “Акана” у Расіі, як высветлілася... Але насамрэч я лічу, што любы гурт з цягам часу наноў напаўняе сваю назву: з кожным выступам нараджаюцца новыя эмоцыі і сімвалічныя сувязі, і ў рэшце рэшт назва і яе сэнс нібыта аднаўляецца.



ЕРБ:  А табе не падаецца, што ў выпадку такой жаноцкасці назвы “Акана” вам трэба цалкам замяніць  хлопцаў, што граюць у гурце, на дзяўчын?

Руся: Не, гэта будзе ўжо зусім нейкі феміністычны маніфест…

ЕРБ: Аднак такога мега-жаночага гурта ў нашай краіне пакуль не назіраецца…

Руся: Я зусім не кірую гэтым гуртом. У нас ёсць кіраўнік - Ірэна Катвіцкая, менавіта яна вырашае, хто будзе граць, што будзе граць і якім чынам. Я згодная з тваімі намёкамі на тое, што, мабыць, не вельмі ўдалыя аранжыроўкі ў нашых песнях, не вельмі добра падабраныя музычныя  інструменты,  але мы маем тое, што маем на дадзены момант. Проста я ўсё ж такі больш увагі аддаю непасрэдна вакалу, а што робіцца з інструментамі, мяне гэта, калі шчыра, не вельмі турбуе, бо ўсе свае сілы і намаганні я кідаю выключна на дзевак і спевы.




ЕРБ: У нейкім сэнсе ты стала рэаніматарам гурта, які зараз мае назву “ Акана -NHS”. Што такое быць рэаніматарам праекта, які пачаў паміраць? І чаму ты адважылася на гэты рэаніматарскі крок?

Руся: Увогуле гэты гурт я дастала з музычнай тусоўкі…  Аднойчы быў нейкі сумесны праект, дзе выступала “Індыга”, нехта яшчэ і NHS з Насткай Някрасавай… Мы з Дзямідавым, гітарыстам “Індыгі”, захапіліся спевамі дзяўчын і вырашылі з імі пазнаёміцца. Дарэчы, менавіта мы пазнаёмілі гурт з прадзюсарам Ігарам Зныкам, які вывез дзяўчын на гастролі.  Калі пачаліся праблемы ў NHS - сышла з гурта Настка Някрасава, а ў “Індыгі” таксама ўсё памярцвела і ледзь-ледзь рухалася - Ірэна прапанавала мне дапамагчы ім адспяваць адзін канцэрт. Я пагадзілася, мне было вельмі цікава. Я думала: “Ха, фольк! Што там такога: лай-аі-а – пакрыўляешся і файна". Насамрэч, гэта было вельмі складана, і я потым доўгі час шкадавала, думала: “БОЖАЧКІ, НАВОШТА Я ПАГАДЗІЛАСЯ НА ТАКОЕ!  Гэта ўсё не маё. Трэба вяртацца ў рок-н-рол”. Але прайшоў пераломны перыяд, і зараз я не ўяўляю таго, як ўвогуле жыла на сцэне без фолькавых песень, бо гэта – сапраўднае шчасце. Рок-н-рол проста сарамліва стаіць у баку, назірае за веліччу фальклорнай музыкі, бо этніка – гэта нашае ўсё!.. А рэаніматарам… Вось я кажу, што мы спрабавалі зрабіць нейкі спробны канцэрт. А потым так закахаліся адзін у аднаго, у гэтую музыку, спевы, і вырашылі,  што б там ні было надалей, працаваць , і зараз я лічу сябе сталай часткай “Аканы”…



ЕРБ: Аднак твой вакал у “Акане” – лідэр-вакал, і вобраз твой - вобраз лідэркі…

Руся: Дык я ж прыйшла ўжо з імём: Руся, гурт “Індыга” – гэта было і ёсць пакуль нешта больш вядомае, чым “Акана”. Таму натуральна, што людзі звяртаюць увагу на мяне, і  эмацыйная нагрузка ляжыць таксама на мне. 



ЕРБ: Апроч таго, што за табой лідэр-вакал гурта “Акана-NHS”, ты яшчэ займаешся і нейкімі мэнэджэрскімі справамі?

Руся: Не, я дапамагаю Ірэне. У мяне засталося, ёсць і кожны раз павялічваецца колькасць музычных кантактаў па ўсім свеце, і я вельмі радасная, што ёсць Ірэна, бо дзякуючы яе імпэту мы паедзем на пачатку сакавіка ў Германію. Гэта будуць Берлін і Дрэздэн, прыкладна 5-6 канцэртаў, а таксама майстар-класы, выступы з нямецкімі тэатральнымі трупамі. Мы нават зараз выбіраем, як тыя паны, з кім нам працаваць… Апроч таго,  напрыканцы сакавіка будзе некалькі канцэртаў “Аканы” у горадзе Дортмунд з джазавым бэндам Максіма Дзягілева – беларускага музыкі, саксафаніста, які з’ехаў у Германію, там скончыў Акадэмію музыкі і стварыў свой джазавы гурт.



ЕРБ: Несучы за сабою велізарны досвед рок-музыкі, ці давялося табе нешта рабіць наноў, дакрануўшыся да т.з. музыкі каранёў?

Руся: Вядома, там усё наноў. У рок-н-роле ўсё проста: раз-два-тры-чатыры, гэць, гэць, гэць… А ў этнічных спевах усё па-іншаму: трэба быць выкшталцонай натурай, інтэлігентнай, трэба разумець што ты спяваеш, перажываць… Гэта вельмі інтымная тэхніка спеваў, таму новыя вакальныя фішкі з мяне павылазілі, мелізмы, якія раней не спяваліся…

ЕРБ: Як ты лічыш, ці ператварылася рок-князёўна Руся ў этна-дзіву Русю?

Руся: Пакуль што не. Пакуль што рана пра гэта казаць. Але я імкнуся. Я хачу быць на фолькавай сцэне ў топе,  у пяцёрцы самых лепшых дзяўчын…

ЕРБ: А каго ты лічыш гэтымі самымі лепшымі дзяўчынамі беларускай этна-сцэны?

Руся: Вядома, гэта Вераніка Круглова, Настка Някрасава, Маша Лагодзіч, я, спадзяюся, Наста Хмель, Юля Белізяк і мае дзяўчынкі – Надзя Чугунова і Ірэна Катліцкая… Слухай, атрымоўваецца, што  мы і так ужо ў пяцёрцы лепшых! (смяецца) Бо больш нікога няма.

ЕРБ: А гурт “Unia”? Там жа таксама дзеўкі скачуць!

Руся: Мне не падабаецца. Калі мы былі на фэсце “Folk the Sistem”,  я першы раз пачула і пабачыла гэты гурт і зразумела, што “Унія” – гэта жах.  Мне было сорамна. Хлопцы парнаграфічнага выгляду, дзеўкі спяваюць абы-што… Не, гэта зусім не фольк, хутчэй псеўда-фольк, нават порна-псеўда-фольк.



ЕРБ: Хваля world-music накрыла Беларусь яшчэ напачатку 90-х. Знакаміты імпрэсарыа Папа Бо, напрыклад, лічыць, што час папулярнасці этна-музыкі мінуў і працаваць у гэтым накірунку няма вялікага сэнсу. Ці можаш ты аспрэчыць ягоную думку?

Руся: Канечне, магу! Зараз, паводле маіх падлікаў і майго аналізу, наадварот, пачынаецца другая хваля world-music. Гэтаму сведчаць і продаж альбомаў, і нейкія новыя праекты, канцэрты і фестывалі. Напрыклад, пару месяцаў таму я была ў Германіі і расказала суполцы, якая гандлюе артыстамі, пра маё жаданне спалучыць нас – трох дзяўчынак з ды-джэем і сінтэтычным басам. Якая там пачалася істэрыка!!! Нас  адразу захацелі купіць! Яны гатовыя плаціць грошы і чакаюць пераўтварэння “Аканы” ў клубны праект. А гэта і ёсць пацверджанне таго, што этна-музыка ніяк не губляе сваю запатрабаванасць і папулярнасць.



ЕРБ: Вы сапраўды працуеце над тым, каб стаць клубным праектам?

Руся: Мы зараз вывучылі той матэрыял, які спяваўся пры Настцы Някрасавай, зрабілі новыя песні, каб нашыя з Насткай рэпертуары не перасякаліся (Настка сыйшла і забрала з сабой песні гурта NHS). Я стараюся разабрацца ў гэтым ды-джэйскім свеце. На маю думку, я маю шмат прабелаў, якія тычацца электроннай музыкі, таму імкнуся да таго, каб вывучаць яе розныя стылі і накірункі. Я знаёмлюся з ды-джэямі, мы сустракаемся, мяняемся музыкай. Мне здаецца, што я падбіраюся бліжэй і бліжэй да гэтых планаў, можа ўжо каго хутка і знайду.



ЕРБ: Стаць этна-спявачкай для цябе – дасягненне?

Руся: Вялікае! Я сама ж з палескай вёскі! Заўсёды мяне фольк цікавіў. Першая жанчына – этна-спявачка, якую я пачула – Далорэс Арыордан з гурта “Cranberries”. Я заўсёды марыла спяваць так, як яна. Думаю, шмат хто ведае, што ірландская манера спеваў вельмі падобная да беларускай… Але нарадзіўся ў Беларусі, а дзе нарадзіўся - там і спатрэбіўся! Таму трэба займацца беларускай музычнай спадчынай.

ЕРБ: Сутыкнуўшыся блізка з фальклорам, ці адчуваеш ты нейкі яго падсвядомы ўплыў?

Руся: Я маю вялікі архіў народных песень, таму кожны дзень стараюся іх слухаць. Дакладна, што яны дапамагаюць вырашаць мне сямейныя канфлікты. Калі мы з Юраськам маім пачынаем паказваць адно аднаму нейкія псіхі, я прапаную паслухаць бабулек. Мы сядаем, слухаем песні, плачам, як малыя дзеці, бо гэта так кранальна! Як паставіш – такая ўжо самота ў гэтых беларускіх песнях! Гэта прымушае заўсёды памятаць пра тое, што жыццё вельмі складанае, але трэба, як вучаць бабуліны песні, ставіцца да яго проста і радасна.



ЕРБ: Руся, што ты хочаш расказаць яшчэ пра гурт “Акана”. Што пра яго павінны ведаць слухачы?

Руся: Гэта вельмі незвычайны і эксклюзіўны гурт, таму што ўнутры гэтага праекта адбываецца спалучэнне этнічных спеваў і сучаснай музыкі. Пагадзіся, не кожны вытрымае праслухаць, напрыклад, Кірчука “Спадчыну загінуўшых вёсак”. Непадрыхтаванаму слухачу гэта зрабіць даволі складана… Ну, песні дзве, а ўвесь альбом – цяжка. А “Акана” робіць тое, што прэзентуе нашыя беларускія народныя песні ў такім сучасным гучанні. І людзі, калі прыходзяць на канцэрт, падыходзяць пасля яго і кажуць, што “ваў, мы не ведалі, што беларускія песні такія прыгожыя і цікавыя. Клёва, нам зараз ёсць чым ганарыцца”. Некаторыя людзі абвінавачваюць нас у тым, нібыта мы здзекуемся над фальклорам. Але мы ж не мяняем словы, мы захоўваем дыялекты, традыцыі спеваў, мелодыку песень.  Таму з гэтага пункту гледжання гурт мне здаецца выключным і вельмі цікавым: тры прыгожыя дзяўчыны, бабуліны песні, сучаснае гучанне – усё, што трэба!



ЕРБ: Як я зразумела, “Акана” мае дастаткова шчыльна распісаны гастрольны графік. Якія ідэі, апроч ператварэння гурта ў клубны праект,  вы яшчэ збіраецеся ажыццявіць?

Руся: Ну, пра новы альбом гаварыць яшчэ рана, бо для яго пакуль не хапае матэрыялу. Я толькі ўвайшла ў гэты калектыў і трэба яшчэ лепш ужыцца ў стары матэрыял. Зараз мы змагаемся за першае месца, альбо за 10 тысяч абяцаных долараў на конкурсе “Залатая акустыка”, што праходзіць у “Бронксе”, а таксама мы робім радыё-версію нашай песні “Жыта палавее” з гуртом “Apple tea”. Мы, праўда, пакуль не вырашылі са спадаром Сацэвічам наконт  вядучага інструмента ў аранжыроўцы: ці то павінны быць духавы інструмент, ці клавішны… Я не чула яшчэ гэтага тварэння, але сябры, якія чулі, кажуць, што атрымоўваецца вельмі цікава. Калі будзе гатовая гэтая радыё-версія, мы хочам паехаць на "Белсат" і зняць кліп на гэтую кампазіцыю (там, дарэчы, яшчэ адна каманда супрацоўнікаў робіць кліпы для беларускіх музыкаў).  У нас вельмі шмат добрага канцэртнага відэа - можа, атрымаецца змантаваць нейкі канцэртны кліпчык… І ўсё ж такі я мару пра тое, што зусім хутка будзе гатовая новая праграма на гадзіну, каб можна было граць нармальныя сольныя канцэрты, і, вядома, спадзяюся на тое, што хутка знойдзецца дыджэй і я закручу клубны праект. Мне падаецца, што такога яшчэ не было!



ЕРБ: Як “індыганы” ставяцца да тваёй новай ролі?

Руся: Учора мы до позняй ночы сядзелі ў студыі і рабілі свае “індыгаўскія” песні. Праўда, часу на “Індыгу” пакуль амаль няма… Ды і крызіс у гурце нейк зацягнуўся: ніяк не атрымоўваецца пераскочыць з адной прыступкі на іншую. Раней мы былі вельмі нахабным рок-н-рольным гуртом, задаволеным сабою, верылі што мы - каралі свету.  Але зараз усе выраслі, пасталелі, нахабны запал кудысьці знік, але і папсу граць не хочацца. Таму мы ніяк не можам знайсці баланс: што ж рабіць далей? А ставяцца “індыганы” да маёй новай ролі добра, яны шчаслівыя за мяне, ходзяць на канцэрты “Аканы”, дораць кветкі і падтрымліваюць.



ЕРБ: Якім ты бачыш гурт “Акана-NHS” праз 10 гадоў?

Руся: Я думаю, што гэта будзе вельмі  мацёры, шыкоўны, з добрым джазавым гучаннем жаночы этна-джазавы гурт, які актыўна гастралюе.

Фота: by Tarantino і www.generation.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі